Пс 7
1 Песьня-плач, якую Давід сьпяваў Госпаду ў справе Хуса, з племя Веньямінавага.
2 Госпадзе Божа мой! на Цябе спадзяваньне маё; уратуй мяне ад усіх маіх ганіцеляў, і вызвалі мяне;
3 хай ня вырве ён душы маёй, быццам леў, які турзае, калі збаўцы няма.
4 Госпадзе Божа мой! калі што я зрабіў, калі ёсьць няпраўда ў руках маіх,
5 калі я ліхам плаціў таму, хто быў у згодзе са мною, - а я ж ратаваў і таго, хто бяз прычыны стаўся маім ворагам,
6 дык няхай вораг перасьледуе душу маю і дагоніць, і жыцьцё маё хай удратуе ў зямлю, і славу маю хай аберне ў нішто.
7 Устань, Госпадзе, у гневе Тваім; паўстань супраць шаленства маіх ворагаў, прачніся дзеля мяне на суд, які Ты прызначыў,
8 сьціжма людзей стане навокал Цябе; над ёй падыміся ў вышыні.
9 Гасподзь судзіць народы. Судзі мяне, Госпадзе, паводле праўды маёй, паводле беспахібнасьці маёй.
10 Хай суймецца злосьць бязбожных, а справядлівага ўмацуй, бо Ты выпрабоўваеш сэрца й нутрыну, праведны Божа!
11 Шчыт мой у Богу, Які шчырых сэрцам ратуе.
12 Бог - судзьдзя справядлівы і Бог - кожны дзень спаганяе сурова,
13 калі хто не навяртаецца, Ён вострыць Свой меч, напінае Свой лук і цаляе зь яго;
14 рыхтуе яму прылады сьмерці, і вагністымі робіць стрэлы Свае.
15 Вось напраўду зачаў бязбожны, зацяжарыў крыўдаю і ману сабе спарадзіў,
16 капаў дол і выкапаў яго, і ўпаў у яму, якую выкапаў:
17 абернецца злосьць ягоная на ягоную галаву, і зладзейства ягонае на цела ягонае ападзе.
18 Слаўлю Госпада па праўдзе Ягонай і сьпяваю імю Госпада Ўсявышняга.