Пс 17
1 Кіроўцу хору. Раба Гасподняга Давіда, калі ён прамовіў ад Госпада словы гэтай песьні ў той дзень, як Гасподзь вызваліў яго з рук усіх ягоных ворагаў і з рукі Саўлавай. І ён сказаў:
2 палюблю Цябе, Госпадзе, моц мая!
3 Гасподзь мой прытулак і цьвярдыня мая, мой Бог - скала мая; на Яго я спадзяюся, шчыт мой, рог ратунку майго і прытулак мой.
4 Паклічу Госпада, годнага пакланеньня, і ад ворагаў маіх уратуюся.
5 Агарнулі мяне пакуты сьмяротныя, і патокі бяспраўя напалохалі мяне;
6 ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.
7 У цеснаце маёй паклікаў я Госпада, і да Госпада майго зьвярнуўся. І пачуў Ён зь сьвятых харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Ягонага.
8 Затрэслася і захісталася зямля; уздрыгнулі і зрушыліся асновы гор; бо ўгневаўся Бог;
9 падняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных вагонь пажыральны; гарачае вугольле сыпалася зь Яго.
10 Нахіліў Ён нябёсы і сышоў, і змрок - пад нагамі ў Яго.
11 І сеў на херувімаў і паляцеў, і памчаўся на крылах ветру.
12 І зрабіў сваёю заслонаю змрок, і ценем вакол Сябе змрок водаў, хмараў нябесных.
13 Ад бляску, што прад Ім, уцякалі аблокі Ягоныя, град і вугольле вогненнае.
14 І загрымеў у нябёсах Гасподзь, і падаў Усявышні Свой голас, град і вогненнае вугольле.
15 Пусьціў стрэлы Свае, і расьсеяў іх, мноства маланак, і рассыпаў іх.
16 І сталіся крыніцы водаў, і адчыніліся асновы сусьвету ад грознага голасу Твайго, Госпадзе, ад подыху гнеўнага духу Твайго.
17 Ён працягнуў з вышыні Сваю руку і ўзяў мяне, і дастаў мяне з многіх водаў,
18 уратаваў мяне ад ворага майго дужага і ад ненавісьнікаў маіх, якія былі дужэйшыя за мяне.
19 Яны паўсталі на мяне ў дзень няшчасьця майго, але Гасподзь быў мне апораю.
20 Ён вывеў мяне на шырокае месца і вызваліў мяне; бо ўпадабаў мяне.
21 Даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне;
22 бо я трымаўся дарог Гасподніх і ня быў бязбожны прад Богам маім;
23 бо ўсе наказы Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не адступаўся.
24 Я быў прад Ім беззаганны і асьцерагаўся, каб не зграшыць,
25 і даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх прад вачыма Ягонымі.
26 Зь літасьцівым Ты літасьцівы, з чалавекам шчырым - шчыры,
27 з чыстым - чысты, а з хітрым - паводле хітрыны ягонай.
28 Бо Ты людзей прыгнечаных цешыш, а вочы пагардлівыя прыніжаеш.
29 Ты запальваеш сьветач мой, Госпадзе; Бог мой прасьвятляе цемру маю.
30 З табою я пабіваю войска, з Богам маім узыходжу на мур.
31 Бог! - Беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова ў Госпада; Ён шчыт усім, хто на Яго спадзяецца.
32 Бо хто Бог, апрача Госпада, і хто абарона, апрача Бога нашага?
33 Бог апаясвае мяне сілаю і пракладае мне правільны шлях,
34 робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях маіх становіць мяне;
35 вучыць рукі мае змагацца, і мышцы мае ламаюць лук медны.
36 Ты даў мне шчыт ратунку Твайго, і правіца Твая падтрымлівае мяне, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.
37 Ты пашыраеш крок мой пада мною, і ня хістаюцца ногі мае.
38 Я перасьледую ворагаў маіх і даганяю іх, і не вяртаюся, пакуль ня вынішчу іх;
39 пабіваю іх, і ня могуць яны падняцца; пападаюць пад ногі мае,
40 бо Ты аперазаў мяне сілаю для вайны і кінуў пад ногі мне тых, што на мяне паўсталі;
41 ты павярнуў да мяне тылам ворагаў маіх; і я зьнішчаю тых, што ненавідзяць мяне:
42 яны лямантуюць, ды няма каму іх ратаваць; да Госпада - але Ён ня слухае іх;
43 я расьсейваю іх, як пыл перад абліччам ветру, як вулічны бруд тапчу іх.
44 Ты збавіў мяне ад бунту народу, паставіў мяне галавою іншапляменцаў; народ, якога я ня ведаў, служыць мне;
45 па адной чутцы пра мяне скараюцца мне; чужынцы лісьлівяцца перада мною.
46 Іншапляменцы бялеюць і трымцяць ва ўмацаваньнях сваіх.
47 Жывы Гасподзь, і дабраславёны мой абаронца! Хай будзе ўслаўлены Бог ратунку майго.
48 Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы,
49 і вызваляе мяне ад ворагаў маіх! Ты ўзьнёс мяне над тымі, хто паўстае супраць мяне, і ад чалавека жорсткага мяне выбавіў.
50 За гэта праслаўлю Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму;
51 таму, хто велічна ратуе цара і творыць міласьць памазанцу Твайму Давіду і роду Ягонаму навечна.