Пс 37
1 Псальма Давідава. На ўспамін пра суботу.
2 Госпадзе! ня выкрывай мяне ў гневе Тваім, і не карай мяне ў гневе Тваім,
3 бо стрэлы Твае ўпіліся ў мяне і рука Твая мяне ацяжае.
4 Няма цэлага месца на целе маім ад гневу Твайго; няма спакою ў костках маіх ад грахоў маіх,
5 бо злачынствы мае вышэй галавы, як вялікі цяжар, зьнясілілі мяне,
6 сьмярдзяць, гнаяцца раны мае ад безгалоўя майго.
7 Я сагнуты і панураны ўвесь, цэлы дзень бядуючы хаджу;
8 бо сьцёгны мае паліць вагонь, і няма цэлага месца ў целе маім.
9 Я змогся і зьнясіліўся цяжка; крычу ад пакуты сэрца майго.
10 Госпадзе! прад Табою ўсе жаданьні мае, і ўздыханьне маё ад Цябе не схаванае.
11 Сэрца маё трымціць; пакінула мяне сіла мая, і сьвятло вачэй маіх - і таго няма ў мяне.
12 Сябры мае і прыяцелі адступіліся ад няшчасьця майго, і блізкія мае далёка стаяць.
13 Цянёты паставілі тыя, хто пільнуе душу маю, і хто прагне мне ліха, пра пагібель маю гавораць, і намышляюць штодзень мне благое;
14 а я, як глухі, ня чую, і як нямко, што вуснаў сваіх не растуляе;
15 і стаў я, як чалавек, што ня чуе і ня мае ў вуснах сваіх адказу,
16 бо на Цябе, Госпадзе, спадзяюся я; Ты пачуеш, Госпадзе, Божа мой.
17 І сказаў я: няхай не падымуцца нада мною мае ворагі; калі дрыжыць нага мая, хай ня ўзносяцца яны нада мною.
18 Я да ўпадку гатовы, і скруха мая заўжды перада мною.
19 Беззаконьне сваё я ўсьведамляю; і ўбольваюся ў грэху маім.
20 А мае ворагі жывуць і мацуюцца, і памнажаюцца тыя, што ненавідзяць мяне, невінаватага;
21 і тыя, што плацяць мне злом за дабро, ваююць супроць мяне, бо я за добрым іду.
22 Не пакінь мяне, Госпадзе Божа мой! не адыходзь ад мяне;
23 пасьпяшайся на дапамогу мне, Госпадзе, Збаўца мой!