Пс 101
1 Малітва спрагненага, калі ён смуткуе і вылівае прад Госпадам скруху сваю.
2 Госпадзе! пачуй малітву маю, і енк мой хай дойдзе да Цябе.
3 Не хавай аблічча Твайго ад мяне; у дзень смутку майго прыхілі да мяне вуха Тваё; у дзень, калі паклічу Цябе, адразу пачуй мяне.
4 Бо зьніклі, як дым, дні мае, і косткі мае абпаленыя, як галавешка;
5 сэрца маё ўражанае, і высахла, як трава, аж я забываюся есьці мой хлеб;
6 ад голасу стогну майго косткі мае прысталі да плоці маёй.
7 Я стаў падобны да пелікана ў пустыні; я зрабіўся як сыч у руінах;
8 ня сплю і сяджу, як адзінокая птушка на даху.
9 Кожны дзень клянуць мяне ворагі мае, і неабольнікі мае ганяць мяне.
10 Я попел ем замест хлеба, і пітво маё разбаўляю сьлязьмі,
11 ад гневу Твайго і абурэньня Твайго; бо Ты ўзвысіў мяне і скінуў мяне.
12 Дні мае быццам цень, які ўхіляецца; і я высах, быццам трава.
13 Ты ж, Госпадзе, вечна жывеш, і памяць пра Цябе з роду ў род.
14 Ты паўстанеш, умілажалішся з Сіёна? бо час літаваць яго, бо прысьпеў час;
15 бо рабы Твае палюбілі і каменьне ягонае, і попел ягоны шкадуюць.
16 І збаяцца народы імя Гасподняга, і ўсе цары зямныя - славы Тваёй.
17 Бо збудуе Гасподзь Сіён, і зьявіцца ў славе Сваёй;
18 паглядзіць на малітву бездапаможных, і не пагардзіць малітваю іхняй.
19 Пра гэта напісана будзе роду наступнаму, і пакаленьне наступнае ўславіць Госпада,
20 бо Ён прынік са святой гары Сваёй; зь нябёсаў глянуў Гасподзь на зямлю,
21 каб пачуць стогны вязьняў, раскаваць сыноў сьмерці,
22 каб абвяшчалі на Сіёне імя Гасподняе, і славу Яму - у Ерусаліме,
23 калі зьбяруцца народы разам і царствы служыць Госпаду.
24 Стаміў Ён на шляху сілу маю, скараціў дні мае.
25 Я сказаў: Божа мой! не забяры мяне на палавіне дзён маіх. Твае гады ў роды родаў.
26 На пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы - дзея рук Тваіх;
27 яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе яны, як рыза, спарахнеюць, і, як адзеньне, Ты пераменіш іх, - і зьменяцца;
28 але Ты - той самы, і гады Твае ня скончацца.
29 Сыны рабоў Тваіх будуць жыць, і семя іхняе ўмацуецца прад абліччам Тваім.