3 Цар 11
1 І пакахаў цар Саламон многіх чужаземных жанчын, апрача дачкі фараонавай, Маавіцянак, Аманіцянак, Ідумэянак, Сіданянак, Хэтэянак,
2 з тых народаў, пра якіх Гасподзь сказаў сынам Ізраілевым: не ўваходзьце да іх, і яны хай не ўваходзяць да вас, каб яны ня схілілі сэрца вашага да сваіх багоў. Да іх прыляпіўся Саламон каханьнем.
3 І было ў яго сямсот жонак і трыста наложніц; і разбэсьцілі жонкі сэрца ягонае.
4 У час старасьці Саламона жонкі яго схілілі сэрца ягонае да іншых багоў, і сэрца ягонае ня было цалкам адданае Госпаду Богу свайму, як сэрца Давіда, бацькі ягонага.
5 І пачаў Саламон служыць Астарце, божышчу Сідонскаму, і Мілхому, мярзоце Аманіцкай.
6 І рабіў Саламон неспадобнае прад вачыма Госпада і не належна ішоў за Госпадам, як Давід, бацька ягоны.
7 Тады пабудаваў Саламон капішча Хамосу, мярзоце Маавіцкай, на гары, якая перад Ерусалімам, і Малоху, мярзоце Аманіцкай.
8 Так зрабіў ён усім сваім чужаземным жонкам, якія кадзілі і прыносілі ахвяры сваім багам.
9 І разгневаўся Гасподзь на Саламона за тое, што ён ухіліў сэрца сваё ад Госпада Бога Ізраілевага, Які два разы зьяўляўся яму
10 і наказаў яму, каб ён ня ішоў за іншымі багамі; але ён ня выканаў таго, што наказаў яму Гасподзь.
11 І сказаў Гасподзь Саламону: за тое, што так у цябе робіцца, і ты не захаваў запавету Майго і пастановаў Маіх, якія Я наказаў табе, Я адбяру ад цябе царства і аддам яго рабу твайму;
12 але ў дні твае Я не зраблю гэтага дзеля Давіда, бацькі твайго: з рукі сына твайго адбяру яго;
13 і ня ўсё царства адбяру: адно калена дам сыну твайму дзеля Давіда, раба Майго, і дзеля Ерусаліма, які Я выбраў.
14 І падняў Гасподзь праціўніка на Саламона, Адэра Ідумэяніна, з царскага Ідумэйскага роду.
15 Калі Давід быў у Ідумэі, і ваеначальнік Ёаў прыйшоў дзеля пахаваньня забітых і пабіў увесь мужчынскі пол у Ідумэі, -
16 бо шэсьць месяцаў пражыў там Ёаў і ўсе Ізраільцяне, пакуль ня вынішчылі ўсяго мужчынскага полу ў Ідумэі,
17 тады гэты Адэр уцёк у Егіпет і зь ім некалькі Ідумэянаў, якія служылі пры бацьку ягоным; Адэр быў тады малым дзіцём.
18 Выправіўшыся з Мадыяма, яны прыйшлі ў Фаран і ўзялі з сабою людзей з Фарана і прыйшлі ў Егіпет да фараона - цара Егіпецкага. Адэр ўвайшоў да фараона, і ён даў яму дом, і назначыў яму ўтрыманьне, і даў яму зямлю.
19 Адэр здабыў у фараона вялікую міласьць, так што ён даў яму за жонку сястру сваёй жонкі, сястру царыцы Тахпэнэсы.
20 І нарадзіла яму сястра Тахпенэсы сына Генувата. Тахпэнэса выхоўвала яго ў доме фараонавым; і жыў Генуват у доме фараонавым разам з сынамі фараонавымі.
21 Калі Адэр дачуўся, што Давід спачыў з бацькамі сваімі і што ваеначальнік Ёаў памёр, дык сказаў фараону: адпусьці мяне, я пайду ў сваю зямлю.
22 І сказаў яму фараон: хіба ты маеш патрэбу ў чым-небудзь у мяне, што хочаш ісьці ў сваю зямлю? Ён адказваў: не, але адпусьці мяне.
23 І падняў Бог супроць Саламона яшчэ праціўніка - Разона, сына Эліяды, які ўцёк ад гаспадара свайго Адраазара, цара Суўскага,
24 і, сабраўшы вакол сябе людзей, зрабіўся начальнікам шайкі, пасьля таго, як Давід разьбіў Адраазара; і пайшлі яны ў Дамаск, і ўсяліліся там, і валадарылі ў Дамаску.
25 І быў ён праціўнікам Ізраіля ва ўсе дні Саламона. Акрамя ліха, учыненага Адэрам, ён заўсёды шкодзіў Ізраілю і зрабіўся царом Сірыі.
26 І Ераваам, сын Наватаў, Яфрэмлянін з Царэды, - імя маці ягонай удавы - Цэруа, - раб Саламонаў, падняў руку на цара.
27 І вось прычына, чаму ён падняў руку на цара: Саламон будаваў Міло, рамантаваў пашкоджаньні ў горадзе Давіда, бацькі свайго.
28 Ераваам быў чалавек мужны. Саламон, заўважыўшы, што гэты малады чалавек умее рабіць справу, паставіў яго наглядчыкам над аброчнымі з дома Язэпавага.
29 У той час здарылася Еравааму выйсьці зь Ерусаліма; і сустрэў яго на дарозе прарок Ахія Сіламлянін, і на ім была новая вопратка. У полі іх было толькі двое.
30 І ўзяў Ахія новую вопратку, якая была на ім, разадраў яе на дванаццаць частак,
31 і сказаў Еравааму: вазьмі сабе дзесяць частак, бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: вось, Я адбіраю царства з рукі Саламонавай і даю табе дзесяць каленаў,
32 а адно калена застанецца за ім дзеля раба Майго Давіда і дзеля горада Ерусаліма, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраілевых.
33 Гэта за тое, што яны пакінулі Мяне і пачалі пакланяцца Астарце, божышчу Сідонскаму, і Хамосу, богу Маавіцкаму, і Мілхому, богу Аманіцкаму, і не пайшлі шляхамі Маімі, каб рабіць добрае прад вачамі Маімі і захоўваць пастановы Мае, падобна Давіду, бацьку ягонаму.
34 Я не бяру ўсяго царства з рукі яго, але Я пакідаю яго ўладаром на ўсе дні жыцьця ягонага дзеля Давіда, раба Майго, якога Я выбраў, які трымаўся наказаў Маіх і пастановаў Маіх;
35 а вазьму царства з рукі сына ягонага і дам табе зь яго дзесяць каленаў;
36 а сыну ягонаму дам адно калена, каб заставалася сьвяцільня Давіда, раба Майго, ва ўсе дні прад абліччам Маім, у горадзе Ерусаліме, які Я выбраў Сабе дзеля імя Майго.
37 Цябе Я выбіраю, і ты будзеш валадарыць над усім, чаго запрагне душа твая, і будзеш царом над Ізраілем;
38 і калі будзеш захоўваць усё, што Я наказваю табе, і будзеш хадзіць шляхамі Маімі і рабіць спадобнае перад вачыма Маімі, захоўваючы пастановы Мае і запаведзі Мае, як рабіў раб Мой Давід, дык Я буду з табою і зладжу табе дом моцны, як Я зладзіў Давіду, і аддам табе Ізраіля;
39 і ўпакору Я род Давідаў за гэта, але не на ўсе дні.
40 А Саламон хацеў сьмерці Ераваама; але Ераваам устаў і ўцёк у Егіпет да Сусакіма, цара Егіпецкага, і жыў у Егіпце да сьмерці Саламонавай.
41 Астатнія падзеі Саламонавыя і ўсё, што ён рабіў, і мудрасьць ягоная апісаны ў кнізе дзеяў Саламонавых.
42 Часу цараваньня Саламонавага ў Ерусаліме над усім Ізраілем было сорак гадоў.
43 І спачыў Саламон з бацькамі сваімі і пахаваны быў у горадзе Давіда, бацькі свайго, і зацараваў замест яго сын ягоны Раваам.