3 Цар 13
1 І вось, чалавек Божы прыйшоў з Юдэі па слове Гасподнім у Вэтыль, у той час, як Ераваам стаяў каля ахвярніка, каб учыніць дымленьне.
2 І прамовіў да ахвярніка слова Гасподняе і сказаў: ахвярнік, ахвярнік! так кажа Гасподзь: вось, народзіцца сын дому Давідаваму, імя яму Ёсія, і прынясе на табе ў ахвяру сьвятароў вышыняў, якія ўчыняюць на табе дымленьне, і чалавечыя косьці спаліць на табе.
3 І даў у той дзень азнаку, сказаўшы: вось азнака таго, што гэта прамовіў Гасподзь: вось, гэты ахвярнік разваліцца, і попел, які на ім, рассыпецца.
4 Калі цар пачуў слова чалавека Божага, прамоўленае да ахвярніка ў Вэтылі, дык працягнуў Ераваам руку сваю ад ахвярніка, кажучы: вазьмеце яго. І зьдзеравянела рука ягоная, якую ён працягнуў на яго, і ня мог ён вярнуць яе да сябе.
5 І ахвярнік разваліўся, і попел з ахвярніка рассыпаўся, па азнацы, якую даў чалавек Божы словам Гасподнім.
6 І сказаў цар Ераваам чалавеку Божаму: умілажаль аблічча Госпада Бога твайго і памаліся за мяне, каб рука мая магла вярнуцца да мяне. І ўмілажаліў чалавек Божы аблічча Госпада, царовая рука вярнулася да яго і зрабілася як раней.
7 І сказаў цар чалавеку Божаму: зайдзі са мною ў дом і падмацуй сябе ежаю, і я дам табе дарунак.
8 Але чалавек Божы сказаў цару: хоць бы ты даваў мне паўдома твайго, я не пайду з табою і ня буду есьці хлеба і ня буду піць вады ў гэтым месцы,
9 бо так наказана мне словам Гасподнім: ня еж там хлеба і ня пі вады і не вяртайся тою дарогаю, якою ты ішоў.
10 І пайшоў ён другою дарогаю і не пайшоў назад тою дарогаю, якою прыйшоў у Вэтыль.
11 У Вэтылі жыў адзін прарок-старац. Сын яго прыйшоў і расказаў яму ўсё, што зрабіў сёньня чалавек Божы ў Вэтылі; і словы, якія ён казаў цару, пераказалі сыны бацьку свайму.
12 І спытаўся ў іх бацька іхні: якою дарогаю ён пайшоў? І паказалі сыны ягоныя, якою дарогаю пайшоў чалавек Божы, што прыходзіў зь Юдэі.
13 І сказаў ён сынам сваім: асядлайце мне асла. І асядлалі яму асла, і ён сеў на яго.
14 І паехаў за чалавекам Божым, і знайшоў яго, як той сядзеў пад дубам, і сказаў яму: ці ты чалавек Божы, які прыйшоў зь Юдэі. І сказаў той: я.
15 І сказаў яму: зайдзі да мяне ў дом і паеж хлеба.
16 Той сказаў: я не магу вярнуцца з табою і пайсьці да цябе; ня буду есьці хлеба і ня буду піць у цябе вады ў гэтым месцы,
17 бо словам Гасподнім сказана мне: ня еж хлеба і ня пі там вады і не вяртайся тою дарогаю, якою ты ішоў.
18 І сказаў ён яму: і я прарок такі самы, як ты, і анёл казаў мне словам Гасподнім і сказаў: вярні яго да сябе ў дом; хай паесьць ён хлеба і нап'ецца вады. - Ён зманіў яму.
19 І той вярнуўся зь ім, і паеў хлеба ў ягоным доме, і напіўся вады.
20 Калі яны яшчэ сядзелі за сталом, слова Гасподняе было прароку, які вярнуў яго.
21 І прамовіў ён чалавеку Божаму, які прыйшоў зь Юдэі, і сказаў: так кажа Гасподзь: за тое, што ты не падпарадкаваўся вуснам Госпада і ня выканаў загаду, які наказаў табе Гасподзь Бог твой,
22 але вярнуўся, еў хлеб і піў ваду ў тым месцы, пра якое Ён сказаў табе: «ня еж хлеба і ня пі вады», цела тваё ня ўвойдзе ў магільніцу бацькоў тваіх.
23 Пасьля таго, як той паеў хлеба і напіўся, ён асядлаў асла прароку, якога ён вярнуў.
24 І выправіўся той. І сустрэў яго на дарозе леў і забіў яго. І ляжала цела ягонае, пакінутае на дарозе; а асёл стаяў каля яго, і леў стаяў каля цела.
25 І вось, людзі, якія праходзілі міма, убачылі цела, пакінутае на дарозе, і льва, які стаяў каля цела, і пайшлі і расказалі ў горадзе, у якім жыў прарок-старац.
26 Прарок, які вярнуў яго з дарогі, пачуўшы гэта, сказаў: гэта той чалавек Божы, які не падпарадкаваўся пастановам Госпада; Гасподзь аддаў яго льву, які паламаў яго і забіў яго, па слове Госпада, якое Ён мовіў яму.
27 І сказаў сынам сваім: асядлайце мне асла. І асядлалі яны.
28 Ён выправіўся і знайшоў цела ягонае, пакінутае на дарозе; а асёл і леў стаялі каля цела; леў ня зьеў цела і не паламаў асла.
29 І падняў прарок цела чалавека Божага, і паклаў яго на асла, і павёз яго назад. І пайшоў прарок-старац у горад свой, каб аплакаць і пахаваць яго.
30 І паклаў цела ягонае ў сваёй магільніцы і плакаў па ім: жаль мне, браце мой!
31 Пасьля пахаваньня яго ён сказаў сынам сваім: калі я памру, пахавайце мяне ў магільніцы, у якой пахаваны чалавек Божы; каля касьцей ягоных пакладзеце косьці мае;
32 бо спраўдзіцца слова, якое ён па загадзе Гасподнім сказаў пра ахвярнік у Вэтылі і пра ўсе капішчы на вышынях, у гарадах Самарыйскіх.
33 І пасьля гэтай падзеі Ераваам ня сышоў са сваёй благой дарогі, а і далей ставіў з народу сьвятароў вышыняў: хто хацеў, таго ён прысьвячаў, і той рабіўся сьвятаром вышыняў.
34 Гэта вяло дом Ераваамаў да грэху і да пагібелі і да вынішчэньня яго з улоньня зямлі.