2 Лет 22
1 І паставілі царом жыхары Ерусаліма Ахозію, меншага сына ягонага, замест яго, бо ўсіх старэйшых перабіла полчышча, якое прыходзіла з Аравіцянамі да табара, - і зацараваў Ахозія, сын Ёрама, цара Юдэйскага;
2 дваццаць два гады было Ахозію, калі зацараваў, і адзін год валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Гатолія, дачка Амврыя.
3 Ён таксама хадзіў шляхамі дома Ахававага, бо маці ягоная была дарадчыца яму на беззаконныя дзеі.
4 І рабіў ён незаўгоднае ў вачах Гасподніх, падобна дому Ахававаму, бо ён быў яму дарадцам, пасля сьмерці бацькі ягонага, на пагібель яму.
5 Таксама прымаючы параду іхнюю, ён пайшоў за Ёрамам, сынам Ахававым, царом Ізраільскім, на вайну супроць Азаіла, цара Сірыйскага, у Рамот Галаадскі. І паранілі Сірыйцы Ёрама,
6 і вярнуўся ён у Ізрэель лячыцца ад ранаў, якія прычынілі яму ў Раме, калі ён ваяваў з Азаілам, царом Сірыйскім. Ахозія, сын Ёрама, цар Юдэйскі, прыйшоў наведаць Ёрама, сына Ахававага, у Ізрэель, бо той быў хворы.
7 І ад Бога было гэта на пагібель Ахозіі, што ён прыйшоў да Ёрама: бо пасля прыходу свайго ён выйшаў з Ёрамам супроць Іуя, сына Намэсіевага, якога памазаў Гасподзь на вынішчэньне дома Ахававага.
8 Калі чыніў Іуй суд над домам Ахава, тады ён знайшоў князёў Юдэйскіх і сыноў братоў Ахозіі, якія служылі Ахозію, і забіў іх.
9 І загадаў ён шукаць Ахозію, і ўзялі яго, калі ён хаваўся ў Самарыі, і прывялі яго да Іуя, і забілі яго, і пахавалі яго, бо казалі: ён сын Ёсафата, які ўісьціў Госпада ад усяго сэрца свайго. І не засталося ў доме Ахозіі, хто мог бы валадарыць.
10 І Гатолія, маці Ахозіі, убачыўшы, што памёр сын яе, устала і зьнішчыла ўсё царскае племя дома Юдавага.
11 Але Ёсавэт, дачка царская, узяла Ёаса, сына Ахозіі, і выкрала яго з асяродзьдзя царскіх сыноў, якіх забівалі, і размясьціла яго і карміцельку яго ў спальным пакоі; і такім чынам Ёсавэт, дачка цара Ёрама, жонка Ёдая сьвятара, сястра Ахозіі, схавала Ёаса ад Гатоліі, і не забіла яго.
12 І быў ён у іх у доме Божым хаваны шэсьць гадоў; а Гатолія валадарыла над зямлёю.