Вых 23
1 Не зважай на пустыя чуткі, не давай рукі тваёй бязбожніку, каб ня быць сьведкам няпраўды.
2 Ня йдзі за большасьцю на благое і не вырашай цяжбіны, адступаючы з большасьцю ад праўды;
3 і беднаму не патурай у цяжбіне ягонай.
4 Калі знойдзеш вала ворага твайго, альбо асла ягонага, які заблудзіўся, прывядзі яго да яго;
5 калі ўбачыш асла ворага твайго, што ўпаў пад ношкаю сваёю, дык не пакідай яго: разгрузі яго і заставайся разам зь ім.
6 Ня судзі навыварат цяжбіны беднага твайго.
7 Адыходзь далей ад няпраўды і не забівай невінаватага і справядлівага, бо я не апраўдаю благога.
8 Дарункаў ня прымай, бо дарункі сьляпымі робяць відушчых і перакручваюць словы справядлівых.
9 Прыхадня ня крыўдзі: вы ведаеце душу прыхадня, бо самыя былі прыхаднямі ў зямлі Егіпецкай.
10 Шэсьць гадоў засявай зямлю тваю і зьбірай плён яе,
11 а ў сёмы пакідай яе ў спакоі, каб карміліся гаротныя з народу твайго, а рэштаю пасьля іх карміліся зьвяры польныя; гэтак сама рабі зь вінаграднікам тваім і з аліўнікам тваім.
12 Шэсьць дзён рабі справы твае, а ў сёмы дзень супакойся, каб адпачыў вол твой і асёл твой, і супакоіўся сын рабыні тваёй і прыхадзень.
13 Шануйце ўсё, што Я сказаў вам, і імя іншых багоў не спамінайце; хай ня чуецца яно з вуснаў тваіх.
14 Тры разы на год сьвяткуй Мне:
15 сьвяткуй сьвята праснакоў: сем дзён еж прэсны хлеб, як Я загадаў табе, у прызначаны час месяца Авіва, бо ў той час ты выйшаў зь Егіпта; і хай не зьяўляюцца прад аблічча Маё з пустымі рукамі;
16 сьвяткуй і сьвята жніва першых пладоў працы тваёй, якія ты сеяў на полі, і сьвята збору пладоў у канцы года, калі зьбярэш з поля працу тваю.
17 Тры разы на год павінен зьяўляцца ўвесь мужчынскі пол твой перад аблічча Ўладыкі, Госпада.
18 Не вылівай крыві ахвяры Маёй на квашанае, і тлушч ад сьвяточнай ахвяры Маёй не павінен заставацца да раніцы.
19 Пачаткі пладоў зямлі тваёй прынось у дом Госпада, Бога твайго. Не гатуй казьляня ў малацэ маці ягонай.
20 Вось, я пасылаю перад табою анёла ахоўваць цябе на дарозе і ўвесьці цябе ў тую мясьціну, якую Я падрыхтаваў;
21 пільнуй сябе перад абліччам ягоным, і слухай голасу ягонага; не паўставай супроць яго, бо ён не даруе грэху вашага, бо імя Маё ў ім.
22 Калі ты будзеш слухацца голасу ягонага і выконваць усё, што скажу, дык буду ворагам ворагаў тваіх і супраціўцам супраціўцаў тваіх.
23 Калі пойдзе перад табою анёл Мой і павядзе цябе да Амарэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Хананэяў, Эвэяў і Евусэяў, і зьнішчу іх,
24 дык не пакланяйся багам іхнім, і ня служы ім, і не пераймайся дзеямі іхнімі, скрышы іх і разбуры помнікі іхнія:
25 служэце Госпаду, Богу вашаму, і ён дабраславіць хлеб твой і ваду тваю; і ўхілю ад вас хваробы.
26 Ня будзе ў зямлі тваёй такіх, што без пары родзяць, і няплодных; лік дзён тваіх зраблю поўным.
27 Жудасьць Маю пашлю перад табою, і зьбянтэжу кожны народ, да якога ты прыйдзеш і буду адварочваць ад цябе ўсіх ворагаў тваіх;
28 пашлю перад табою шаршнёў, і яны пагоняць ад твару твайго Эвэяў, Хананэяў і Хэтэяў;
29 не праганю іх ад твару твайго за адзін год, каб зямля не зрабілася пустая і не памножыліся супроць цябе зьвяры польныя:
30 спакваля буду праганяць іх ад цябе, пакуль не памножышся і ня возьмеш у валоданьне зямлі гэтай.
31 Правяду межы твае ад мора Чэрмнага да мора Філістымскага і ад пустыні да ракі, бо перадам у рукі вашыя жыхароў гэтай зямлі, і прагоніш іх ад твару твайго;
32 не рабі ўмовы ні зь імі, ні з багамі іхнімі;
33 не павінны яны жыць у зямлі тваёй, каб яны не ўвялі цябе ў грэх супроць Мяне; бо калі ты будзеш служыць багам іхнім, дык гэта будзе табе сеткаю.