Езк 24
1 І было мне слова Гасподняе ў дзявятым годзе, у дзясятым месяцы, на дзявятым дні месяца:
2 сыне чалавечы! запішы сабе імя гэтага дня, гэтага самага дня: у гэты самы дзень цар Вавілонскі падступіў да Ерусаліма.
3 І вымаві на мяцежны дом прыпавесьць, і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: пастаў кацёл, пастаў і налі ў яго вады;
4 складзі ў яго кавалкі мяса, усе найлепшыя кавалкі, сьцягна і лапаткі, і напоўні адборнымі касьцямі;
5 адборных авечак вазьмі, і запалі пад ім косткі і гатуй датуль, пакуль косткі разварацца ў ім.
6 Таму так кажа Гасподзь Бог: гора гораду крыві! гора катлу, у якім ёсьць накіп і зь якога накіп яго ня сыходзіць! кавалак за кавалкам яго выкідайце зь яго, ня выбіраючы па жэрабі.
7 Бо кроў яго сярод яго; ён пакінуў яе на голай скале: не на зямлю праліваў яе, дзе яна магла б пакрыцца пылам.
8 Каб абудзіць гнеў на ўчыненьне помсты, Я пакінуў кроў яго на голай скале, каб яна не схавалася.
9 Таму так кажа Гасподзь Бог: гора гораду крыві! і Я раскладу вялікае вогнішча.
10 Дадай дроў, раскладзі агонь, вывары мяса; хай усё загусьне і косткі перагараць.
11 І калі кацёл будзе пусты, пастаў яго на жар, каб ён разагрэўся, і каб медзь яго напалілася, і расплавілася ў ім нечысьць яго, і ўвесь накіп яго зьнік.
12 Праца будзе цяжкая; але вялікі накіп яго ня сыдзе зь яго: і ў агні застанецца на ім накіп яго.
13 У нечысьці тваёй такая мярзота, што колькі я ні чышчу цябе, ты ўсё нячысты; ад нечысьці тваёй ты і далей не ачысьцішся, пакуль лютасьці Маёй Я не спатолю над табою.
14 Я Гасподзь, Я кажу: гэта прыйдзе і Я зраблю; не адмяню і не пашкадую і не памілую. Паводле шляхоў тваіх і паводле ўчынкаў тваіх судзіць буду цябе, кажа Гасподзь Бог.
15 І было мне слова Гасподняе:
16 сыне чалавечы! вось, Я вазьму ў цябе пошасьцю ўцеху вачэй тваіх; але ты не наракай і ня плач, і сьлёзы хай ня выступаюць у цябе;
17 уздыхай у маўчаньні, плачу па памерлых ня ўчыняй; а абвязвай сябе павязкаю і абувай ногі твае ў абутак твой, і барады не захінай і хлеба ад чужых ня еж.
18 І пасьля таго як сказаў я раніцай слова народу, увечары памерла жонка мая, і на другі дзень я зрабіў так, як загадана было мне.
19 І сказаў мне народ: ці ня скажаш нам, якое нам значэньне ў тым, што ты робіш?
20 І сказаў я ім: мне было слова Гасподняе:
21 скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я аддам на паглум сьвятыню Маю, апору сілы вашай, уцеху вачэй вашых і радасьць душы вашай, а сыны вашыя і дочкі вашыя, якіх вы пакінулі, загінуць ад меча.
22 І вы рабіцьмеце тое самае, што рабіў я: барады захінаць ня будзеце, і хлеба ад чужых есьці ня будзеце;
23 і павязкі вашыя будуць на галовах вашых, і абутак ваш - на нагах вашых; ня будзеце наракаць і плакаць, а будзеце раставаць ад грахоў вашых і ўздыхаць адзін перад адным.
24 І будзе вам Езэкііль азнакаю: усё, што ён рабіў, збудзецца, уведаеце, што Я - Гасподзь Бог.
25 А што да цябе, сыне чалавечы, дык у той дзень, калі Я вазьму ў іх акрасу славы іхняй, сыноў іхніх і дочак іхніх,
26 у той дзень прыйдзе да цябе адтуль той, хто выратаваўся, каб падаць вестку ў вушы твае.
27 У той дзень пры гэтым выратаваным разамкнуцца вусны твае, і ты будзеш гаварыць і не застанешся ўжо бязмоўны, і будзеш азнакаю ім, і ўведаюць, што Я - Гасподзь.