Бц 29
1 І ўстаў Якаў і пайшоў у зямлю сыноў усходу.
2 І ўгледзеў: вось, на полі калодзеж, і там тры статкі дробнага быдла, якія ляжалі каля яго таму, што з таго калодзежа паілі статкі. Над вусьцем калодзежа быў вялікі камень.
3 Калі зьбіраліся туды ўсе статкі, адвальвалі камень ад вусьця калодзежа і паілі авечкі; пасьля зноў клалі камень на сваё месца, на вусьце калодзежа.
4 Якаў сказаў ім: братове мае, адкуль вы? Яны сказалі: мы з Харана.
5 Ён сказаў ім: ці ведаеце вы Лавана, сына Нахоравага? Яны сказалі: ведаем.
6 Ён яшчэ сказаў ім: ці здаровіцца яму? Яны сказалі: здаровіцца; і вось, Рахіль, дачка ягоная, ідзе з авечкамі.
7 І сказаў: вось, дня яшчэ многа; ня час зьбіраць быдла; напаеце авечак і ідзеце, пасеце.
8 Яны сказалі: ня можам, пакуль не зьбяруцца ўсе статкі, і не адваляць каменя ад вусьця калодзежа; тады будзем мы паіць авечкі.
9 Яшчэ ён гаварыў зь імі, як прыйшла Рахіль з дробным быдлам бацькі свайго, бо яна пасьвіла.
10 Калі Якаў убачыў Рахіль, дачку Лавана, брата маці сваёй, дык падышоў Якаў, адваліў камень ад вусьця калодзежа і напаіў авечкі Лавана, брата маці сваёй.
11 І пацалаваў Якаў Рахіль і ўзвысіў голас свой і заплакаў.
12 І сказаў Якаў Рахілі, што ён родзіч бацьку яе і што ён сын Рэбэкі. А яна пабегла і сказала бацьку свайму.
13 Лаван, пачуўшы пра Якава, сына сястры сваёй, выбег яму насустрач, абняў яго і пацалаваў яго, і ўвёў яго ў дом свой; і ён расказаў Лавану ўсё гэта.
14 А Лаван сказаў яму: сапраўды ты косьць мая і плоць мая. І жыў у яго Якаў цэлы месяц.
15 І Лаван сказаў Якаву: няўжо ты дарма будзеш служыць мне, бо ты родзіч? скажы мне, чым заплаціць табе?
16 А ў Лавана было дзьве дачкі, імя старэйшай: Лія; імя малодшай Рахіль.
17 Лія была слабая вачыма, а Рахіль была прыгожая станам і прыгожая тварам.
18 Якаў пакахаў Рахіль і сказаў: Я буду служыць табе сем гадоў за Рахіль, малодшую дачку тваю.
19 Лаван сказаў: лепш мне аддаць яе за цябе, чым аддаць яе за каго іншага; жыві ў мяне.
20 І служыў Якаў за Рахіль сем гадоў; і яны здаліся яму як некалькі дзён, бо ён кахаў яе.
21 І сказаў Якаў Лавану: дай жонку маю, бо мне ўжо час прысьпеў, каб увайсьці да яе.
22 Лаван склікаў усіх людзей таго месца і зладзіў гасьціну.
23 А ўвечары ўзяў Лаван дачку сваю Лію і ўвёў яе да яго; і ўвайшоў да яе Якаў.
24 І даў Лаван служанку сваю Зэлфу за служанку дачцэ сваёй Ліі.
25 А раніцай выявілася, што гэта Лія. І Якаў сказаў Лавану: што гэта зрабіў ты са мною? ці ж не за Рахіль я служыў у цябе? навошта ты ашукаў мяне?
26 Лаван сказаў: у нашым месцы так ня робяць, каб малодшую выдаваць раней за старэйшую;
27 закончы тыдзень гэтай; потым дамо табе і тую за службу, якую ты будзеш служыць у мяне яшчэ сем гадоў.
28 Якаў так і зрабіў і закончыў тыдзень гэтай. І даў Рахіль, дачку сваю, яму за жонку.
29 І даў Лаван служанку сваю Валу за служанку дачцэ сваёй Рахілі.
30 Якаў увайшоў і да Рахілі, і кахаў Рахіль болей, чым Лію; і служыў у яго яшчэ сем гадоў.
31 Гасподзь угледзеў, што Лія была нелюбка, і адчыніў нутробу яе, а Рахіль была няплодная.
32 Лія зачала і нарадзіла сына, і дала яму імя: Рувім, бо сказала: Гасподзь угледзеў маё гароцтвы; бо цяпер будзе кахаць мяне муж мой.
33 І зачала зноў і нарадзіла сына, і сказала: Гасподзь пачуў, што я нелюбка, і даў мне і гэтага. І дала яму імя: Сымон.
34 І зачала яшчэ і нарадзіла сына, і сказала: вось цяпер прылепіцца да мяне муж мой, бо я нарадзіла яму трох сыноў. Таму і дадзена яму імя: Левій.
35 І яшчэ зачала і нарадзіла сына, і сказала: вось цяпер я праслаўлю Госпада. Таму дала яму імя: Юда. І перастала радзіць.