Бц 50
1 Язэп прыпаў да аблічча бацькі свайго, і цалаваў яго.
2 І загадаў Язэп слугам сваім - урачам, бальзамаваць бацьку яго; і ўрачы набальзамавалі Ізраіля.
3 І споўнілася яму сорак дзён, бо столькі дзён патрабуецца на бальзамаваньне, і аплаквалі яго Егіпцяне семдзесят дзён.
4 А калі мінуліся дні плачу па ім, Язэп сказаў прыдворным фараона, кажучы: калі я здабыў упадабаньне ў вачах вашых, дык скажэце фараону так:
5 бацька мой загадаў мне, сказаўшы: вось, я паміраю; у магіле маёй, якую я выкапаў сабе ў зямлі Ханаанскай, там пахавай мяне. І цяпер я хацеў бы пайсьці і пахаваць бацьку майго і вярнуцца.
6 І сказаў фараон: ідзі і пахавай бацьку твайго, як ён загадаў табе.
7 І пайшоў Язэп хаваць бацьку свайго. І пайшлі зь ім усе слугі фараона, старэйшыны дома ягонага і ўсе старэйшыны зямлі Егіпецкай,
8 і ўвесь дом Язэпа, і браты яго, і дом бацькі ягонага. Толькі дзяцей сваіх і дробнае і буйное быдла сваё пакінулі ў зямлі Гесэм.
9 Зь ім выправіліся таксама калясьніцы і вершнікі, так што гурт быў вельмі вялікі.
10 І дайшлі яны да Гарэн-гаатада каля Ярдана і плакалі там плачам вялікім і вельмі моцным; і ўчыніў Язэп жалобу па бацьку сваім сем дзён.
11 І бачылі жыхары зямлі той, Хананэі, плач у Гарэн-гаатадзе, і сказалі: вялікі плач гэты ў Егіпцян! Таму дадзена імя мясьціне той: плач Егіпцян, што каля Ярдана.
12 І зрабілі сыны Якава зь ім, як ён наказаў ім;
13 і занесьлі яго сыны ў зямлю Ханаанскую і пахавалі яго ў пячоры на полі Махпэла, якую купіў Абрагам з полем ва ўласнасьць на пахаваньне ў Эфрона Хэтэяніна, каля Мамрэ.
14 І вярнуўся Язэп у Егіпет, сам і браты ягоныя, і ўсе, хто хадзіў зь ім хаваць бацьку ягонага, пасьля пахаваньня ім бацькі свайго.
15 І ўбачылі браты Язэпавыя, што памёр бацька іхні, і сказалі: што, калі Язэп зьненавідзіць нас і захоча адпомсьціць нам за ўсё ліха, якое мы яму зрабілі?
16 І паслалі яны сказаць Язэпу: бацька твой перад сьмерцю сваёю наказваў, кажучы:
17 так скажэце Язэпу: даруй братам тваім віну і грэх іхні, бо яны зрабілі табе благое. І сёньня даруй правіны рабоў Бога бацькі твайго. Язэп плакаў, калі яму казалі гэта.
18 Прыйшлі і самыя браты ягоныя, і ўпалі перад абліччам ягоным, і сказалі: вось, мы рабы табе.
19 І сказаў Язэп: ня бойцеся, бо я баюся Бога;
20 вось, вы намышлялі супроць мяне благое; але Бог абярнуў гэта на дабро, каб зрабіць тое, што цяпер ёсьць: захаваць жыцьцё вялікай колькасьці людзей;
21 дык вось, ня бойцеся: я буду карміць вас і дзяцей вашых. І супакоіў іх і гаварыў у сэрцы ім.
22 І жыў Язэп у Егіпце сам і дом бацькі ягонага; а жыў Язэп усяго сто дзесяць гадоў.
23 І бачыў Язэп дзяцей у Яфрэма да трэцяга роду, таксама і сыны Махіра, сына Манасіінага, радзіліся на калені Язэпу.
24 І сказаў Язэп братам сваім: я паміраю; але Бог наведае вас і выведзе вас зь зямлі гэтай у зямлю, пра якую прысягаўся Абрагаму, Ісааку і Якаву.
25 І запрысягнуў Язэп сыноў Ізраілевых, кажучы: Бог наведае вас, і вынесяце косьці мае адгэтуль.
26 І памёр Язэп у сто дзесяць гадоў. І набальзамавалі яго і паклалі ў каўчэг у Егіпце.