Пс 104
1 Слаўце Госпада; заклікайце імя Ягонае; абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя.
2 Сьпявайце Яму і грайце Яму; раскажэце пра ўсе цуды Ягоныя.
3 Хвалецеся імем Ягоным сьвятым; хай цешыцца сэрца ў тых, хто шукае Госпада.
4 Шукайце Госпада і сілы Ягонай, шукайце аблічча Ягонага заўсёды.
5 Згадвайце цуды Ягоныя, якія ўчыніў, азнакі Ягоныя і суд вуснаў Ягоных,
6 вы, семя Абрагамавае, рабы Ягоныя, сыны Якава, выбранцы Ягоныя.
7 Ён Гасподзь Бог наш; па ўсёй зямлі суды Ягоныя.
8 Вечна Ён памятае Свой запавет, слова, якое запавядаў тысячам родаў,
9 якое запавядаў Абрагаму, і клятву сваю Ісааку,
10 і паставіў тое Якаву законам, і Ізраілю запаветам вечным,
11 кажучы: табе дам зямлю Ханаанскую як часьціну спадчыны вашай.
12 Калі іх было яшчэ лікам мала, вельмі мала, і былі яны прыхадні ў ёй,
13 і пераходзілі ад народу да народу, з царства да іншага племя,
14 нікому не дазваляў крыўдзіць іх, і за іх цароў дакараў:
15 «не дакранайцеся да памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабеце зла».
16 І наклікаў голад на зямлю; кожнае хлебнае сьцябло паламаў.
17 Паслаў перад імі чалавека: у рабы быў прададзены Язэп.
18 Скавалі аковамі ногі яму, у жалеза ўвайшла душа ягоная,
19 пакуль спраўдзілася слова Ягонае: слова Гасподняе выпрабавала яго.
20 Паслаў цар, і разьвязалі яго; уладар народаў, і вызваліў яго.
21 Паставіў яго гаспадаром над домам сваім і ўпраўцам над усім валоданьнем сваім,
22 каб ён настаўляў валадароў ягоных паводле сваёй душы і старэйшын ягоных вучыў мудрасьці.
23 Тады прыйшоў Ізраіль у Егіпет, і перасяліўся Якаў у зямлю Хамаву,
24 і вельмі размножыў Бог народ Свой, і зрабіў яго мацнейшым за ворагаў ягоных.
25 Абудзіў у сэрцы іхнім нянавісьць супроць народу Ягонага і хітрасьць супроць рабоў Ягоных.
26 Паслаў Майсея, раба Свайго, Аарона, якога абраў.
27 Яны паказалі сярод іх слова азнакаў Ягоных і дзівосы Ягоныя ў зямлі Хамавай.
28 Паслаў цемру, і зрабіў морак, і не зрабілі супору слову Ягонаму.
29 Ператварыў іхнюю ваду ў кроў, і замарыў рыбу іхнюю.
30 Зямля іхняя ўрадзіла шмат жаб нават у спальні цароў іхніх.
31 Ён сказаў, і прыйшлі розныя насякомыя, воды ва ўсе іхнія межы.
32 Замест дажджу паслаў на іх град, вагонь пякучы на зямлю іхнюю.
33 І пабіў вінаград іхні і смакоўніцы іхнія, і паваліў дрэвы ў межах іхніх.
34 Сказаў, і прыйшла саранча, і безьліч вусеняў;
35 і паелі ўсю траву на зямлі іхняй, і паелі плады на палях іхніх.
36 І забіў кожнага першынца ў зямлі іхняй, пачаткі ўсёй сілы іхняй.
37 І вывеў іх з срэбрам і золатам, і ня было ў іхніх плямёнах хворага.
38 Узрадаваўся Егіпет выхаду іхняму; бо страх ад іх напаў на яго.
39 Прасьцёр ім хмару як заслону і вагонь, каб сьвяціў ім ноччу.
40 Прасілі, і Ён паслаў перапёлак, і хлебам нябесным карміў іх.
41 Раскалоў камень, і пацяклі воды, пацяклі ракою па мясьцінах сухіх,
42 бо ўзгадаў Ён сьвятое слова Сваё да Абрагама, раба Свайго,
43 і вывеў народ Свой у радасьці, выбранцаў Сваіх у весялосьці:
44 і даў ім землі народаў, і перанялі яны працу людзкую,
45 каб трымаліся пастановаў Ягоных і законы Ягоныя захоўвалі. Алілуя!