Адкр 2
1 Анёлу Эфэскай царквы напішы: так кажа Той, Хто трымае сем зорак у правіцы Сваёй, Хто ходзіць сярод сямі залатых сьветачаў:
2 «ведаю дзеі твае і працу тваю, і цярплівасьць тваю, і тое, што ты ня можаш трываць распусных, і выпрабаваў тых, якія называюць сябе апосталамі, а яны не такія, і выявіў, што яны хлусы;
3 ты шмат перажываў і маеш цярплівасьць, і на імя Маё працаваў і не зьнемагаў.
4 Але маю супроць цябе тое, што ты занядбаў першую любоў тваю.
5 Дык узгадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся, і рабі ранейшыя ўчынкі; а калі ня так, дык неўзабаве прыйду да цябе і зрушу сьветач твой зь месца ягонага, як не пакаешся.
6 Аднак тое ў табе добрае, што ненавідзіш ты дзеі Мікалаітаў, якія і Я ненавіджу.
7 Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам: хто перамагае, таму дам паспытаць ад дрэва жыцьця, што сярод раю Божага».
8 І анёлу Сьмірненскай царквы напішы: «Так кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і вось, жывы:
9 ведаю твае дзеі, і скруху, і галечу, - але ж ты багаты, - і праклёны ад тых, якія кажуць пра сябе, што яны Юдэі; але яны не такія, а зборня сатанінская.
10 Ня бойся нічога, што табе выпадзе перацярпець. Вось, д'ябал будзе ўкідаць з асяродзьдзя вас у цямніцу, каб спакусіць вас, і будзеце мець скруху дзён дзесяць. Будзь верны да сьмерці, і дам табе вянок жыцьця.
11 Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам: пераможца не зазнае шкоды ад другое сьмерці».
12 І анёлу Пергамскай царквы напішы: «Так кажа Той, Хто мае востры з двух бакоў меч:
13 ведаючы твае дзеі, і што ты жывеш там, дзе трон сатаны, і што трымаеш імя Маё, і ня зрокся веры Мае нават у тыя дні, калі ў вас, дзе жыве сатана, забіты верны сьведка Мой Анціпа.
14 Але маю крыху супроць цябе, бо ёсьць у цябе там такія, што трымаюцца вучэньня Валаама, які навучыў Валака ўвесьці ў спакусу сыноў Ізраілевых, каб яны елі ідалаахвярнае і любаблуднічалі.
15 Так і ў цябе ёсьць прыхільнікі вучэньня Мікалаітаў, якое Я ненавіджу.
16 Пакайся; а калі ня так, неўзабаве прыйду да цябе і ўступлю зь імі ў бой мечам вуснаў Маіх.
17 Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам: пераможцу дам спажываць патаемную манну, і дам яму белы камень і на камені напісанае новае імя, якога ніхто ня ведае, акрамя таго, хто атрымлівае».
18 І анёлу Фіятырскай царквы напішы: «Так кажа Сын Божы, у Якога вочы - як полымя вогненнае, і ногі падобныя да халкалівану:
19 ведаю твае дзеі, і любоў, і служэньне, і веру, і цяпрлівасьць тваю, і тое, што апошнія дзеі твае большыя за першыя.
20 Але маю крыху супроць цябе, бо ты патураеш жонцы Езавэлі, якая сябе называе прарочыцай, навучаць і зводзіць у зман рабоў Маіх, любаблуднічаць і есьці ідалаахвярнае.
21 Я даў ёй часу пакаяцца ў распусьце яе, але яна не пакаялася.
22 Вось, Я кідаю яе на ложак і тых, што ў распусьце зь ёю, у вялікую скруху, калі не пакаюцца ў дзеях сваіх.
23 І дзяцей яе аддам сьмерці, і зразумеюць усе цэрквы, што Я Той, Хто выпрабоўвае сэрцы і вантробы; і аддам кожнаму з вас паводле ўчынкаў вашых.
24 А вам і астатнім, хто ў Фіятыры, якія ня трымаюцца гэтага вучэньня і якія ня ведаюць так званых глыбіняў сатанінскіх, кажу, што не ўскладу на вас іншага цяжару;
25 толькі тое, што маеце, трымайце, пакуль прыйду.
26 Хто перамагае і захоўвае дзеі Мае да канца, таму дам уладу над язычнікамі,
27 і будзе пасьвіць іх жазлом жалезным; і, як посуд гліняны, яны скрышацца, як і Я атрымаў уладу ад Айца Майго;
28 і дам яму зорку золкавую.
29 Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам».