БЫЦЦЁ. 5. І вось радавод Адама: калі Бог стварыў чалавека, паводле падабенства Божага стварыў яго, мужчыну і жанчыну стварыў іх, і дабраславіў іх, і даў ім імя: чалавек, у дзень стварэньня іх. Адам жыў сто трыццаць гадоў, і спарадзіў сына паводле падабенства свайго і паводле вобразу свайго, і даў яму імя: Сіф. Дзён Адама пасьля нараджэньня ім Сіфа было васямсот гадоў, і спарадзіў ён сыноў і дачок. А ўсіх дзён жыцьця Адамавага было дзевяцьсот трыццаць гадоў; і ён памёр. Сіф жыў сто пяць гадоў і спарадзіў Эноса. Пасьля нараджэньня Эноса Сіф жыў васямсот сем гадоў і спарадзіў сыноў і дачок. А ўсіх дзён Сіфавых было дзевяцьсот дванаццаць гадоў; і ён памёр. Энос жыў дзевяноста гадоў і спарадзіў Каінана. Пасьля нараджэньня Каінана Энос жыў васямсот пятнаццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок. А ўсіх дзён Эносавых было дзевяцьсот пяць гадоў; і ён памёр. Каінан жыў семдзесят гадоў і спарадзіў Малелэіла. Пасьля нараджэньня Малелэіла Каінан жыў васямсот сорак гадоў і спарадзіў сыноў і дачок. А ўсіх дзён Каінанавых было дзевяцьсот дзесяць гадоў; і ён памёр. Малелэіл жыў шэсьцьдзясят пяць гадоў і спарадзіў Ярэда. Пасьля нараджэньня Ярэда Малелэіл жыў васямсот трыццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок. А ўсіх дзён Малелэілавых было васямсот дзевяноста пяць гадоў; і ён памёр. Ярэд жыў сто шэсьцьдзясят два гады і спарадзіў Эноха. Пасьля нараджэньня Эноха Ярэд жыў сто восемдзесят гадоў і спарадзіў сыноў і дачок. А ўсіх дзён Ярэдавых было дзевяцьсот шэсьцьдзясят два гады; і ён памёр. Энох жыў шэсьцьдзясят пяць гадоў і спарадзіў Мафусала. І хадзіў Энох прад Богам, пасьля нараджэньня Мафусала, трыста гадоў і спарадзіў сыноў і дачок. А ўсіх дзён Эноха было трыста шэсьцьдзясят пяць гадоў. І хадзіў Энох прад Богам; і ня стала яго, бо Бог узяў яго. Мафусал жыў сто восемдзесят сем гадоў і спарадзіў Ламэха. Пасьля нараджэньня Ламэха Мафусал жыў сямсот восемдзесят два гады і спарадзіў сыноў і дачок. А ўсіх дзён Мафусалавых было дзевяцьсот шэсьцьдзясят дзевяць гадоў; і ён памёр. Ламэх жыў сто восемдзесят два гады і спарадзіў сына, і даў яму імя: Ной, сказаўшы: ён суцешыць нас у працы нашай і ў працы рук нашых, калі ўрабляцьме зямлю, якую пракляў Гасподзь Бог. І жыў Ламэх пасьля нараджэньня Ноя пяцьсот дзевяноста пяць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок. А ўсіх дзён Ламэхавых было сямсот семдзесят сем гадоў; і ён памёр. Ною было пяцьсот гадоў; і спарадзіў Ной трох сыноў: Сіма, Хама і Яфэта.