БЫЦЦЁ. 11. На ўсёй зямлі была адна мова і адна гаворка. Рушыўшы з усходу, яны знайшлі ў зямлі Сэнаар раўніну і пасяліліся там. І сказалі адно аднаму: наробім цэглы і абпалім агнём. І стала ў іх цэгла замест камянёў, а земляная смала замест вапны. І сказалі яны: збудуем сабе горад і вежу, вышынёю да нябёсаў, і зробім сабе імя, перш чым расьсеемся па ўлоньні ўсёй зямлі. І сышоў Гасподзь паглядзець горад і вежу, што будавалі сыны людзкія. І сказаў Гасподзь: вось, адзін народ, і адна ў іх мова; і вось, што пачалі яны рабіць, і не адстануць ад таго, што задумалі рабіць; сыдзем жа і зьмяшаем там мову іхнюю, так каб адзін не разумеў гаворкі другога. І расьсеяў іх Гасподзь адтуль па паверхні ўсёй зямлі; і яны перасталі будаваць горад. Таму дадзена яму імя: Вавілон, бо там зьмяшаў Гасподзь мову ўсёй зямлі, і адтуль расьсеяў іх Гасподзь па ўсёй зямлі. Вось радавод Сіма: Сіму было сто гадоў і спарадзіў Арфаксада, праз два гады пасьля патопу; пасьля нараджэньня Арфаксада Сім жыў пяцьсот гадоў і спарадзіў сыноў і дачок. Арфаксад жыў трыццаць пяць гадоў і спарадзіў Салу. Пасьля нараджэньня Салы Арфаксад жыў чатырыста тры гады і спарадзіў сыноў і дачок. Сала жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Эвэра. Пасьля нараджэньня Эвэра Сала жыў чатырыста тры гады і спарадзіў сыноў і дачок. Эвэр жыў трыццаць чатыры гады і спарадзіў Фалека. Пасьля нараджэньня Фалека Эвэр жыў чатырыста трыццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок. Фалек жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Рагава. Пасьля нараджэньня Рагава Фалек жыў дзьвесьце дзевяць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок. Рагаў жыў трыццаць два гады і спарадзіў Саруха. Пасьля нараджэньня Саруха Рагаў жыў дзьвесьце сем гадоў і спарадзіў сыноў і дачок. Сарух жыў трыццаць гадоў і спарадзіў Нахора. Пасьля нараджэньня Нахора Сарух жыў дзьвесьце гадоў і спарадзіў сыноў і дачок. Нахор жыў дваццаць дзевяць гадоў і спарадзіў Тару. Пасьля нараджэньня Тары Нахор жыў сто дзевятнаццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок. Тара жыў семдзесят гадоў і спарадзіў Абрама; Нахора і Арана. Вось радавод Тары: Тара спарадзіў Абрама, Нахора і Арана. Аран спарадзіў Лота. І памёр Аран пры Тары, бацьку сваім, у зямлі нараджэньня свайго, у Уры Халдэйскім. Абрам і Нахор узялі сабе жонак; імя жонкі Абрамавай: Сара; імя жонкі Нахоравай: Мілка, дачка Арана, бацькі Мілкі і бацькі Іскі. І Сара была няплодная і бязьдзетная. І ўзяў Тара Абрама, сына свайго, і Лота, сына Аранавага, унука свайго, і Сару, нявестку сваю, жонку Абрама, сына свайго, і выйшаў зь імі з Ура Халдэйскага, каб ісьці ў зямлю Ханаанскую; але дайшоўшы да Харана, яны спыніліся там. І было дзён жыцьця Тары дзьвесьце пяць гадоў, і памёр Тара ў Харане.