БЫЦЦЁ. 15. Пасьля гэтых падзей было слова Госпада Абраму ў відзежы, і сказана: ня бойся, Абраме; Я твой шчыт; узнагарода твая даволі вялікая. Абрам сказаў: Валадару Госпадзе! што Ты дасі мне? я застаюся бязьдзетны: распарадчык у доме гэтым Эліязэр з Дамаска. І сказаў Абрам: вось, Ты ня даў мне нашчадкаў, і вось гадунец мой спадчыньнік мой. І было слова Госпада яму, і сказана: ня будзе ён тваім спадчыньнікам; а той, хто пойдзе са сьцёгнаў тваіх, будзе тваім спадчыньнікам. І вывеў яго вонкі і сказаў: паглядзі на неба і палічы зоркі, калі ты можаш палічыць іх. І сказаў яму: столькі будзе ў цябе наступнікаў. Абрам паверыў Госпаду, і Ён залічыў яму гэта ў праведнасьць. І сказаў яму: Я Гасподзь, Які вывеў цябе з Ура Халдэйскага, каб даць табе зямлю гэтую на валоданьне. Ён сказаў: Валадару Госпадзе! па чым пазнаць мне, што я буду валодаць ёю? Гасподзь сказаў яму: вазьмі Мне трохгадовую цялушку, трохгадовую казу, трохгадовага барана, галубку і маладога голуба. Ён узяў іх, расьсек іх напалам і паклаў адну частку насупраць другое; толькі птушак не расьсек. І наляцелі на трупы драпежныя птушкі; але Абрам адганяў іх. Як заходзіла сонца, моцны сон апанаваў Абрама; і вось, апанаваў яго жах і змрок вялікі. І сказаў Гасподзь Абраму: ведай, што нашчадкі твае будуць прыхаднямі ў не сваёй зямлі, і паняволяць іх і будуць прыгнятаць іх чатырыста гадоў; але Я ўчыню суд над народам, у якога яны будуць у няволі: пасьля гэтага яны выйдуць зь вялікай маёмасьцю; а ты адыдзеш да бацькоў тваіх у міры і будзеш пахаваны ў старасьці добрай; у чацьвёртым родзе вернуцца яны сюды: бо мера беззаконьняў Амарэяў дагэтуль яшчэ не напоўнілася. Калі зайшло сонца і настала цемра, вось, дым як бы зь печы, і полымя агню прайшлі паміж расьсечанымі жывёламі. У гэты дзень заключыў Гасподзь запавет з Абрамам, сказаўшы: нашчадкам тваім даю Я зямлю гэтую, ад ракі Егіпецкай да вялікай ракі, ракі Еўфрат: Кенэяў, Кенэзэяў, Кедманэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Рэфаімаў, Амарэяў, Хананэяў, Гергесэяў і Евусэяў.