ВЫХАД. 27. І зрабі ахвярнік з дрэва сітым даўжынёю ў пяць локцяў і шырынёю ў пяць локцяў, так каб ён быў чатырохкутны, і вышынёю ў тры локці. І зрабі рогі на чатырох вуглах яго, так каб рогі выходзілі зь яго; і абкладзі яго медзьдзю. Зрабі да яго горшчык, каб ссыпаць у яго попел, і лапаткі і чары, і відэльцы і вугольніцы; усе прылады зрабі зь медзі. Зрабі да яго крату, каб была як сетка, зь медзі, і зрабі на сетцы, на чатырох вуглах яе, чатыры колцы медныя; і пакладзі яе на край ахвярніка ўнізе, так каб сетка была да палавіны ахвярніка. І зрабі жэрдкі да ахвярніка, жэрдкі з дрэва сітым, і абкладзі іх медзьдзю; і ўкладвай жэрдкі яго ў колцы, так каб жэрдкі былі абапал ахвярніка, калі несьці яго. Зрабі яго пустым усярэдзіне, дашчаны: як паказана табе на гары, так няхай зробяць. Зрабі двор скініі: з паўднёвага боку на поўдзень заслоны для двара павінны быць з суканага вісону, даўжынёю ў сто локцяў з аднаго боку; слупоў для іх дваццаць, і падножжаў для іх дваццаць медных; гачыкі ў слупоў і повязі на іх з срэбра. Таксама і ўдоўж на паўночным баку - заслоны ў сто локцяў даўжынёю; слупоў для іх дваццаць, і падножжаў для іх дваццаць медных, гачыкі ў слупоў і повязі на іх з срэбра. А ў шырыню двара з заходняга боку - заслоны ў пяцьдзясят локцяў; слупоў для іх дзесяць, і падножжаў да іх дзесяць. І ў шырыню двара зь відавога боку на ўсход - у пяцьдзясят локцяў; Да аднаго боку - заслоны ў пятнаццаць локцяў, слупоў для іх тры, і падножжаў да іх тры. І да другога боку - заслоны ў пятнаццаць, слупоў для іх тры, і падножжаў для іх тры. А для брамы двара заслона ў дваццаць локцяў з блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону ўзорыстага вырабу; слупоў для яго чатыры, і падножжаў да іх чатыры. Усе слупы вакол двара павінны быць злучаны повязямі з срэбра; гачыкі ў іх з срэбра, і падножжы да іх зь медзі. Даўжыня двара сто локцяў, а шырыня па ўсёй працягласьці пяцьдзясят, вышыня пяць локцяў; заслоны з суканага вісону, а падножжы зь медзі. Усе прылады скініі дзеля ўсякага ўжытку ў ёй, і ўсе калы яе, усе калы двара - зь медзі. І загадай сынам Ізраілевым, каб яны прыносілі табе алей чысты, чаўлены з масьлінаў, дзеля асьвячэньня, каб гарэла сьвяцільня ўвесь час; у скініі сходу за заслонай, якая перад каўчэгам адкрыцьця, будзе запальваць яго Аарон і сыны ягоныя, ад вечара да раніцы, перад абліччам Гасподнім. Гэта статут вечны пакаленьням іхнім ад сыноў Ізраілевых.