ЛЯВІТ. 7. І вось закон пра ахвяру павіннасьці: гэта вялікая сьвятыня; ахвяру павіннасьці трэба калоць на тым месцы, дзе заколваецца цэласпаленьне, і крывёю яе крапіць на ахвярнік з усіх бакоў: ахвяравальнік павінен прынесьці зь яе ўвесь тлушч, курдзюк і лой які пакрывае вантробы, і абедзьве ныркі і лой, што на іх, які на сьцёгнах, і сальнік, што на печані; з ныркамі хай ён аддзеліць гэта: і спаліць гэта сьвятар на ахвярніку ў ахвяру Госпаду; гэта ахвяра за віну. Увесь мужчынскі пол сьвятарскага роду можа есьці яе; на сьвятым месцы павінен есьці яе: гэта вялікая сьвятыня. Як пра ахвяру за грэх, так і пра ахвяру за віну закон адзін: яна належыць сьвятару, які ачышчае ёю. І калі сьвятар прыносіць чыю-небудзь ахвяру цэласпаленьня, скура ад ахвяры цэласпаленьня, якую ён прыносіць, належыць сьвятару; і любое прынашэньне хлебнае, якое печанае ў печы, і любое гатаванае ў печы, і любое гатаванае ў горшчыку альбо на патэльні, належыць сьвятару, які прыносіць яго; і ўсякае прынашэньне хлебнае, зьмяшанае з алеем і сухое, належыць усім сынам Ааронавым, як аднаму, так і другому. Вось закон пра ахвяру мірную, якую прыносяць Госпаду: калі хто ў падзяку прыносіць яе, дык пры ахвяры падзякі ён павінен прынесьці прэсныя хлябы, зьмяшаныя з алеем, і прэсныя ляпёшкі, памазаныя алеем, і пшанічную муку, насычаную алеем, хлябы, зьмяшаныя з алеем; акрамя ляпёшак няхай ён прыносіць у прынашэньне сваё квашаны хлеб, пры мірнай ахвяры падзякі; адно што-небудзь з усяго прынашэньня свайго няхай прынясе ён у парынашэньне Госпаду: гэта належыць сьвятару, які кропіць крывёю мірнай ахвяры; мяса мірнай ахвяры падзякі трэба зьесьці ў дзень прынашэньня яе, нельга пакідаць зь яе да раніцы. А калі хто прыносіць ахвяру па абяцаньні альбо ад руплівасьці, дык ахвяру яго трэба есьці ў дзень прынашэньня, і на другі дзень рэшту яе есьці можна, а рэшту ахвярнага мяса да трэцяга дня трэба спаліць на агні; а калі будуць есьці мяса мірнай ахвяры на трэці дзень, дык яна ня будзе спрыяльная: хто яе прынясе, таму не залічыцца: гэта апаганьваньне, і хто будзе есьці яе, той прыме на сябе грэх; мяса ад гэтага, калі яно дакранецца да чаго-небудзь нячыстага, нельга есьці, а трэба спаліць яго на агні, а мяса чыстае можа есьці кожны чысты: а калі якая душа, маючы на сабе нячыстасьць, будзе есьці мяса мірнай ахвяры Гасподняй, дык зьнішчыцца душа тая з народу свайго; а калі якая душа, дакрануўшыся да чаго-небудзь нячыстага, да нячыстасьці чалавечай, альбо да нячыстага быдла, альбо да якога-небудзь нячыстага гада, будзе есьці мяса мірнай ахвяры Гасподняй, дык зьнішчыцца душа тая з народу свайго. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: скажы сынам Ізраілевым, ніякага тлушчу ні з вала, ні з авечкі, ні з казла ня ежце; тлушч зь мёртвага і тлушч з разадранага зьверам можна ўжываць на ўсякую справу; а есьці, ня ежце яго: бо хто будзе есьці тлушч з быдла, якое прыносіцца ў ахвяру Госпаду, зьнішчыцца душа тая з народу свайго; і ніякай крыві ня ежце ва ўсіх селішчах вашых ні з птушак, ні з быдла; а хто будзе есьці якую-небудзь кроў, зьнішчыцца душа тая з народу свайго. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: скажы сынам Ізраілевым: хто прыносіць мірную ахвяру сваю Госпаду, той зь мірнай ахвяры частку павінен прынесьці ў прынашэньне Госпаду; сваімі рукамі павінен ён прынесьці ў ахвяру Госпаду: тлушч з грудзінай павінен ён прынесьці ў ахвяру Госпаду: тлушч з грудзінай павінен ён прынесьці, патрасаючы грудзінай перад абліччам Гасподнім; тлушч спаліць сьвятар на ахвярніку, а грудзіна належыць Аарону і сынам ягоным; і правы плячук, як паднашэньне, зь мірных ахвяраў вашых аддавайце сьвятару: хто з сыноў Ааронавых прыносіць кроў зь мірнай ахвяры і тлушч, таму і правая лапатка на долю; бо Я бяру ад сыноў Ізраілевых зь мірных ахвяраў іхніх грудзіну патрасаньня і плячук паднашэньня, і аддаю іх Аарону сьвятару і сынам ягоным як вечную дзялянку ад сыноў Ізраілевых. Вось дзялянка Аарону і дзялянка сынам ягоным з ахвяраў Гасподніх з дня, калі яны стануць прад Госпадам дзеля сьвяшчэнадзеяньня, якое загадаў Гасподзь даваць ім з дня памазаньня іх ад сыноў Ізраілевых. Гэта вечная пастанова ў роды іхнія. Вось закон пра цэласпаленьне, пра прынашэньне хлебнае, пра ахвяру за грэх, пра ахвяру за віну, пра ахвяру прысьвячэньня і пра ахвяру мірную, які даў Гасподзь Майсею на гары Сінай, калі загадаў сынам Ізраілевым, у пустыні Сінайскай, прыносіць Госпаду прынашэньні іхнія.