ЛЯВІТ. 25. І сказаў Гасподзь Майсею на гары Сінай, кажучы: абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі прыйдзеце ў зямлю, якую Я даю вам, тады зямля павінна пакоіцца ў суботу Гасподнюю; шэсьць гадоў засявай поле тваё і шэсьць гадоў абразай вінаграднік твой і зьбірай утворы іх, а ў сёмы год хай будзе субота спакою зямлі, субота Гасподняя: поля твайго не засявай і вінаградніка твайго не абразай; што самое вырасьце пасьля жніва твайго, ня зжынай, і гронак зь неабрэзаных лозаў тваіх ня здымай: хай гэта будзе год спакою зямлі; і будзе гэта праз усю суботу зямлі ўсім вам ежаю, табе, і рабу твайму, і рабыні тваёй, і найміту твайму, і пасяленцу твайму, і таму, хто пасяліўся ў цябе; і быдлу твайму і зьвярам, якія на зямлі тваёй, хай будуць усе ўтворы яе ежаю. І налічы сабе сем суботніх гадоў, сем разоў па сем гадоў, каб было ў цябе ў сямі суботніх гадах сорак дзевяць гадоў; і затрубі ў трубу ў сёмы месяц, у дзясяты дзень месяца, у дзень ачышчэньня затрубеце ў трубу па ўсёй зямлі вашай; і асьвяцеце пяцідзясяты год і абвясьцеце свабоду на зямлі ўсім жыхарам яе: хай будзе гэта ў вас юбілей; і вярнецеся кожны ў валоданьне сваё, і кожны вярніся ў свой род. Пяцідзясяты год хай будзе ў вас юбілей: ня сейце і ня жнеце, што самое вырасьце на зямлі, і ня зьбірайце ягад зь неабрэзаных лозаў яе, бо гэта юбілей: сьвяшчэнны хай будзе ён вам; з поля ежце ўтворы яе. У юбілейны год вярнецеся кожны ў валоданьне сваё. Калі будзеш прадаваць што блізкаму твайму, альбо будзеш купляць што ў блізкага твайго, ня крыўдзіце адзін аднаго; паводле разьліку гадоў пасьля юбілею ты павінен купляць у блізкага твайго, і паводле разьліку гадоў прыбытку ён павінен прадаваць табе; калі многа застаецца гадоў, памнож цану; а калі мала гадоў застаецца, паменшы цану, бо пэўную колькасьць гадоў жніва ён прадае табе. Ня крыўдзіце адзін аднаго; бойся Бога твайго, бо Я Гасподзь, Бог ваш. Выконвайце пастановы Мае, і шануйце законы Мае і выконвайце іх, і будзеце жыць спакойна на зямлі; і будзе зямля даваць плод свой, і будзеце есьці ўдосыць і будзеце жыць спакойна на ёй. Калі скажаце, што ж нам есьці ў сёмы год, калі мы ня будзем ні сеяць, ні зьбіраць утвораў нашых? Я пашлю дабраславеньне Маё на вас у шосты год, і ён прынясе ўтворы на тры гады; і будзеце сеяць у восьмы год, але есьці будзеце ўтворы старыя да дзявятага года: пакуль не пасьпеюць утворы яго, будзеце есьці старое. Зямлю нельга прадаваць назаўсёды, бо Мая зямля: вы прыхадні і пасяленцы ў Мяне; па ўсёй зямлі валоданьня вашага дазваляйце выкупляць землі. Калі брат твой зьбяднее і прадасьць з валоданьня свайго, дык прыйдзе блізкі ягоны родзіч і выкупіць прададзенае братам ягоным; а калі ня будзе каму за яго выкупіць, а сам ён будзе мець дастатак і знойдзе, колькі трэба на выкуп, дык няхай ён разьлічыць гады продажу свайго і верне рэшту таму, каму ён прадаў, і ўступіць зноў у валоданьне сваё; а калі ня знойдзе рука ягоная, колькі трэба вярнуць яму, дык прададзенае ім застанецца ў руках пакупца да юбілейнага года, а ў юбілейны год адыдзе яно, і ён зноў уступіць у валоданьне сваё. Калі хто прадасьць жылы дом у горадзе, абнесенным мурам, дык выкупіць яго можна, пакуль пройдзе год ад продажу яго: за год выкупіць яго можна; а калі ня будзе ён выкуплены, пакуль пройдзе год, дык дом, які ў горадзе, што мае мур, застанецца назаўсёды ў пакупца яго ў роды ягоныя і ў юбілей не адыдзе ад яго. А дамы ў селішчах, вакол якіх няма мура, трэба лічыць нароўні з палеткамі зямлі: выкупляць іх можна, і ў юбілей яны адыходзяць. А гарады лявітаў, дамы ў гарадах валоданьня іхняга, лявітам заўсёды можна выкупляць; а хто зь лявітаў ня выкупіць, дык прададзены дом у горадзе валоданьня іхняга ў юбілей адыдзе, бо дамы ў гарадах лявіцкіх складаюць іхняе валоданьне сярод сыноў Ізраілевых: і палёў вакол гарадоў іхніх прадаваць нельга, бо гэта вечнае валоданьне іхняе. Калі брат твой зьбяднее і занепадзе ў цябе, дык падтрымай яго, хай ён прыхадзень, хай пасяленец, каб ён жыў з табою; не бяры зь яго ліхвы і прыбытку і бойся Бога твайго; каб жыў брат твой з табою; срэбра твайго не аддавай яму ў ліхву і хлеба твайго не аддавай яму дзеля прыбытку. Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаанскую, каб быць вашым Богам. Калі зьбяднее ў цябе брат твой і прададзены будзе табе, дык ня ўскладвай на яго працы рабскай: ён павінен быць у цябе як найміт, як пасяленец; да юбілейнага года няхай працуе ў цябе; а тады няхай адыдзе ён ад цябе, сам і дзеці ягоныя зь ім, і вернецца ў род свой і ўступіць зноў у валоданьне бацькоў сваіх, - бо яны - Мае рабы, якіх Я вывеў зь зямлі Егіпецкай: нельга прадаваць іх, як прадаюць рабоў; не валадары над ім жорстка і бойся Бога твайго. А каб раб твой і рабыня твая былі ў цябе, дык купляйце сабе раба і рабыню ў народаў, якія вакол вас; таксама і зь дзяцей пасяленцаў, што асяліліся ў вас, можаце купляць, і з роду іхняга, які ў вас, які ў іх нарадзіўся ў зямлі вашай, і яны могуць быць вашай уласнасьцю; можаце перадаваць іх у спадчыну і сынам вашым пасьля сябе, як маёмасьць; вечна валодайце імі, як рабамі. А над братамі вашымі, сынамі Ізраілевымі, адзін над адным, не валадарце жорстка. Калі прыхадзень альбо пасяленец твой будзе мець дастатак, а брат твой перад ім зьбяднее і прадасца прыхадню, які асяліўся ў цябе, альбо каму-небудзь з роду прыхадня, дык пасьля продажу можна выкупіць яго: хто-небудзь з братоў ягоных павінен выкупіць яго, альбо дзядзька ягоны, альбо сын дзядзькі ягонага павінен выкупіць яго, альбо хто-небудзь з сваяцтва ягонага, з роду ягонага, павінен выкупіць яго; альбо калі будзе мець дастатак, сам выкупіцца. І ён павінен разьлічыцца з пакупцом ягоным, пачынаючы з таго года, калі ён прадаў сябе, да года юбілейнага, і срэбра, за якое ён прадаў сябе, трэба аддаць яму па колькасьці гадоў; як часовы найміт ён павінен быць у яго: І калі яшчэ шмат застаецца гадоў, дык па меры іх ён павінен аддаць на выкуп за сябе срэбра, за якое ён куплены; а калі мала застаецца гадоў да юбілейнага года, дык ён павінен палічыць і па меры гадоў аддаць за сябе выкуп. Ён павінен быць у яго, як найміт, ва ўсе гады; ён не павінен панаваць над ім жорстка ў вачах тваіх. А калі ён ня выкупіцца такім чынам, дык у юбілейны год адыдзе сам і дзеці ягоныя зь ім, бо сыны Ізраілевыя Мае рабы; яны Мае рабы, якіх Я вывеў зь зямлі Егіпецкай. Я Гасподзь, Бог ваш.