ЛІКІ. 10. І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы: зрабі сабе дзьве срэбраныя трубы, каваныя зрабі іх, каб яны служылі табе на скліканьне супольства і каб здымаць табары; калі затрубяць у іх, зьбярэцца да цябе ўсё супольства да ўваходу ў скінію сходу: калі ў адну трубу затрубяць, зьбяруцца да цябе князі і тысячнікі Ізраільскія; калі затрубіце трывогу, падымуцца табары, што стаяць з усходу; калі другі раз затрубіце трывогу, падымуцца табары, што стаяць з поўдня; трывогу няхай трубяць, калі яны выпраўляюцца ў дарогу; а калі трэба склікаць сход, трубеце, але ня трывогу; сыны Ааронавыя, сьвятары, павінны трубіць у трубы: гэта будзе вам пастанова вечная ў роды вашыя; і калі пойдзеце на вайну ў зямлі вашай супроць ворага, які наступацьме на вас, трубеце трывогу ў трубы, - і будзеце ўспомненыя перад Госпадам, Богам вашым, і ўратаваныя будзеце ад ворагаў вашых; і ў дзень весялосьці вашай, і ў сьвяты вашыя, і ў час маладзікоў вашых трубеце ў трубы пры цэласпаленьнях вашых і пры мірных ахвярах вашых, - і гэта будзе нагадваць пра вас перад Богам вашым. Я Гасподзь, Бог ваш. На другі год, у другі месяц, на дваццаты дзень месяца, паднялося воблака ад скініі адкрыцьця; і выправіліся сыны Ізраілевыя па табарах сваіх з пустыні Сінайскай, і спынілася воблака ў пустыні Фаран. І падняліся яны першы раз, па загадзе Гасподнім, дадзеным праз Майсея. Падняты быў найперш прапар сыноў Юдавых па рушэньнях іхніх; над рушэньнем іхнім Наасон, сын Амінадаваў; і над рушэньнем племені сыноў Ісахаравых Натанаіл, сын Цуараў; і над рушэньнем племені сыноў Завулонавых Эліяў, сын Хэлонаў. І зьнята была скінія, і пайшлі сыны Гірсонавыя і сыны Мэрарыныя, якія носяць скінію. І падняты быў сьцяг табару Рувімавага па рушэньнях іхніх; і над рушэньнем ягоным Эліцур, сын Шэдэураў; і над рушэньнем племені сыноў Сымонавых Шэлумііл, сын Цурышадаеў; і над рушэньнем племені сыноў Гадавых Эліясаф, сын Рэгуілаў. Потым пайшлі сыны Каатавыя, якія носяць сьвятыню; а скінію ставілі да іхняга прыходу. І падняты быў сьцяг табару сыноў Яфрэмавых па рушэньнях іхніх; і над рушэньнем іхнім Элішама, сын Аміудаў; і над рушэньнем племені сыноў Манасііных Гамалііл, сын Пэдацураў: і над рушэньнем племені сыноў Веньямінавых Авідан, сын Гідэонаў. Апошні з усіх табараў падняты быў сьцяг табару сыноў Данавых з рушэньнямі іхнімі: і над рушэньнем іхнім Ахіезэр, сын Амішадаеў; і над рушэньнем племені сыноў Асіравых Пагііл, сын Ахранаў; і над рушэньнем племені сыноў Нэфталімавых Ахіра, сын Энанаў. Вось парадак шэсьця сыноў Ізраілевых па рушэньнях іхніх. І выправіліся яны. І сказаў Майсей Хававу, сыну Рагуілаваму, Мадыяніцяніну, родзічу Майсееваму: мы выпраўляемся ў тую мясьціну, пра якую Гасподзь сказаў: вам аддам яе; ідзі з намі, мы зробім табе дабро, бо Гасподзь добрае мовіў пра Ізраіля. Але ён сказаў яму: не пайду; я пайду ў сваю зямлю і на сваю радзіму. А Майсей сказаў: не пакідай нас, бо ты ведаеш, як разьмяшчаемся мы табарам у пустыні, і будзеш нам вокам; калі пойдзеш з намі, дык дабро, якое Гасподзь зробіць нам, мы зробім табе. І выправіліся яны ад гары Гасподняй на тры дні дарогі, і, каб нагледзець мясьціну, дзе спыніцца. І воблака Гасподняе ахінала іх удзень, калі яны выпраўляліся з табару. Калі падымаўся каўчэг у дарогу, Майсей казаў: паўстань, Госпадзе, і рассыплюцца ворагі Твае, і пабягуць ад аблічча Твайго ненавісьнікі Твае! А калі спыняўся каўчэг, ён казаў: вярніся Госпадзе, да тысячаў і цьмоў Ізраілевых!