ЛІКІ. 28. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць: загадай сынам Ізраілевым і скажы ім: сачэце, каб прынашэньне Маё, хлеб Мой у ахвяру Мне, дзеля прыемнай духмянасьці Мне, прыносілі Мне своечасова. І скажы ім: вось агнявая ахвяра, якую вы павінны прыносіць Госпаду: два ягняці-адналеткі без пахібы на дзень, на цэласпаленьне пастаяннае; адно ягня прынось раніцай, а другое ягня прынось увечары; і ў прынашэньне хлебнае дзясятую долю эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з чацьвярцінаю гіна чаўленага алею; гэта цэласпаленьне пастаяннае, якое ўчынена было каля гары Сінай, дзеля прыемнай духмянасьці, у ахвяру Госпаду; і паліваньне пры ёй чацьвярціну гіна на адно ягня; на сьвятым месцы палівай паліваньне, віно Госпаду. Другое ягня прынось увечары, з такім хлебным прынашэньнем, як раніцай, і з такім самым паліваньнем пры ім прынось яго ў ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду. А ў суботу прыносьце два ягняці адналеткі без пахібы, і ў прынашэньне хлебнае дзьве дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, і паліваньне пры ім: гэта суботняе цэласпаленьне кожнае суботы, звыш пастаяннага цэласпаленьня і паліваньня пры ім. І на маладзікі вашыя прыносьце цэласпаленьне Госпаду: з буйнога быдла два цяляці, аднаго барана і сем ягнят-адналетак без пахібы, і тры дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у прынашэньне хлебнае на адно цяля, і дзьве дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у прынашэньне хлебнае на барана, і па дзясятай долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у прынашэньне хлебнае на кожнае ягня; гэта цэласпаленьне, прыемная духмянасьць, ахвяра Госпаду; і паліваньня пры іх павінна быць паўгіна віна на цяля, траціна гіна на барана і чацьвярціна гіна на ягня; гэта цэласпаленьне на час кожнага маладзіка ў кожны месяц года. І аднаго казла прыносьце Госпаду ў ахвяру за грэх; звыш цэласпаленьня пастаяннага трэба прыносіць яго з паліваньнем яго. У першы месяц, на чатырнаццаты дзень месяца Пасха Гасподняя. І на пятнаццаты дзень гэтага месяца сьвята; сем дзён трэба есьці праснакі. У першы дзень сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце; і прыносьце ахвяру, цэласпаленьне Госпаду: з буйнога быдла два цяляці, аднаго барана і сем ягнят-адналетак; без пахібы яны павінны быць у вас; і пры іх у прынашэньне хлебнае прыносьце пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на кожнае цяля, і дзьве дзясятыя долі эфы на барана, і па дзясятай долі эфы прынось на кожнае зь сямі ягнят, і аднаго казла ў ахвяру за грэх, для ачышчэньня вас; звыш ранішняга цэласпаленьня, якое ёсьць цэласпаленьне пастаяннае, прыносьце гэта. Так прыносьце і ў кожны зь сямі дзён; гэта хлеб, ахвяра, прыемная духмянасьць Госпаду; звыш цэласпаленьня пастаяннага і паліваньня яго, трэба прыносіць гэта. І на сёмы дзень хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце. І ў дзень першых пладоў, калі прыносіце Госпаду новае прынашэньне хлебнае ў сяміцы вашыя, хай будзе сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце; і прыносьце цэласпаленьне дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду: з буйнога быдла два цяляці, аднаго барана і сем ягнят-адналетак, і пры іх у прынашэньне хлебнае пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на кожнае цяля, дзьве дзясятыя эфы на барана; і па дзясятай долі эфы на кожнае зь сямі ягнят, і аднаго казла, дзеля ачышчэньня вас, звыш пастаяннага цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня пры ім, прыносьце з паліваньнем іх; без пахібы павінны быць яны ў вас.