ЛІКІ. 33. Вось табары сыноў Ізраілевых, якія выйшлі зь зямлі Егіпецкай рушэньнямі сваімі, пад начальствам Майсея і Аарона, Майсей, па загадзе Гасподнім, апісаў падарожжа іхняе па табарах іхніх, і вось табары падарожжа іхняга: з Раамсэса выправіліся яны ў першы месяц, у пятнаццаты дзень першага месяца; на другі дзень Пасхі выйшлі сыны Ізраілевыя пад рукою высокаю на вачах усяго Егіпта; між тым Егіпцяне хавалі сваіх першынцаў, якіх пабіў у іх Гасподзь, і над багамі іхнімі Гасподзь учыніў суд. Так выправіліся сыны Ізраілевыя з Раамсэса і разьмясьціліся табарам у Сакхоце. І выправіліся з Сакхота і разьмясьціліся табарам у Этаме, што на краі пустыні. І выправіліся з Этама, і павярнулі да Пі-Гахірота, што перад Ваал-Цэфонам, і разьмясьціліся табарам перад Мігдолам. Выправіліся ад Гахірота, прайшлі сярод мора ў пустыню, і ішлі тры дні пустыняю Этам, і разьмясьціліся табарам у Мэры. І выправіліся з Мэры і прыйшлі ў Элім; а ў Эліме дванаццаць крыніц вады і семдзесят фінікавых дрэў, і разьмясьціліся там табарам. І выправіліся з Эліма і разьмясьціліся табарам каля Чэрмнага мора. І выправіліся ад Чэрмнага мора і разьмясьціліся табарам у пустыні Сін. І выправіліся з пустыні Сін і разьмясьціліся табарам у Дофцы. І выправіліся з Дофкі і разьмясьціліся табарам у Алушы. І выправіліся з Алуша і разьмясьціліся табарам у Рэфідыме, і ня было там вады, каб піць народу. І выправіліся з Рэфідыма і разьмясьціліся табарам у пустыні Сінайскай. І выправіліся з пустыні Сінайскай і разьмясьціліся табарам у Кіброт-Гатааве. І выправіліся зь Кіброт-Гатаавы і разьмясьціліся табарам у Асіроце. І выправіліся з Асірота і разьмясьціліся табарам у Рытме. І выправіліся з Рытмы і разьмясьціліся табарам у Рымнон-Фарэце. І выправіліся з Рымнон-Фарэца і разьмясьціліся табарам у Ліўне. І выправіліся зь Ліўны і разьмясьціліся табарам у Рысе. І выправіліся з Рысы і разьмясьціліся табарам у Кегелаце. І выправіліся зь Кегелаты і разьмясьціліся табарам на гары Шафэр. І выправіліся ад гары Шафэр і разьмясьціліся табарам у Харадзе. І выправіліся з Харады і разьмясьціліся табарам у Макелоце. І выправіліся з Макелота і разьмясьціліся табарам у Тахаце. І выправіліся з Тахата і разьмясьціліся табарам у Тараху. І выправіліся з Тараха і разьмясьціліся табарам у Мітцы. І выправіліся з Міткі і разьмясьціліся табарам у Хашмоне. І выправіліся з Хашмоны і разьмясьціліся табарам у Масэроце. І выправіліся з Масэрота і разьмясьціліся табарам у Бэнэ-Яакане. І выправіліся з Бэнэ-Яакана і разьмясьціліся табарам у Хор-Агідгадзе. І выправіліся з Хор-Агідгада і разьмясьціліся табарам у Ётваце. І выправіліся ад Ётваты і разьмясьціліся табарам у Аўроне. І выправіліся з Аўрона і разьмясьціліся табарам у Эцэён-Гавэры. І выправіліся з Эцэён-Гавэра і разьмясьціліся табарам у пустыні Сін; яна ж Кадэс. І выправіліся з Кадэса і разьмясьціліся табарам на гары Ор, каля межаў зямлі Эдомскай. І ўзышоў Аарон сьвятар на гару Ор па загадзе Гасподнім і памёр там на саракавым годзе пасьля выхаду зь зямлі Егіпецкай, на пятым месяцы, у першы дзень месяца. Аарону было сто дваццаць тры гады, калі памёр на гары Ор. Ханаанскі цар Арада, які жыў на поўдні зямлі Ханаанскай, пачуў тады, што ідуць сыны Ізраілевыя. І выправіліся яны ад гары Ор і разьмясьціліся табарам у Салмоне. І выправіліся з Салмона і разьмясьціліся табарам у Пуноне. І выправіліся з Пунона і разьмясьціліся табарам у Авоце. І выправіліся з Авота і разьмясьціліся табарам у Ійм-Аварыме на межах Маава. І выправіліся зь Ійма і разьмясьціліся табарам у Дывон-Гадзе. І выправіліся з Дывон-Гада і разьмясьціліся табарам у Алмон-Дыўлатаіме. І выправіліся з Алмон-Дыўлатаіма і разьмясьціліся табарам на гарах Аварымскіх перад Нэво. І выправіліся ад гор Аварымскіх і разьмясьціліся табарам на раўнінах Маавіцкіх каля Ярдана, насупраць Ерыхона; яны разьмясьціліся табарам каля Ярдана ад Бэт-Ешымота да Авэ-Сітыма на раўнінах Маавіцкіх. І сказаў Гасподзь Майсею на раўнінах Маавіцкіх каля Ярдана, насупраць Ерыхона, кажучы: абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі пяройдзеце празь Ярдан у зямлю Ханаанскую, дык праганеце ад сябе ўсіх жыхароў зямлі і зьнішчыце ўсе выявы іх, і ўсіх літых ідалаў іхніх зьнішчыце і ўсе капішчы іхнія спустошце; і вазьмеце ў валоданьне зямлю і пасялецеся на ёй, бо Я вам даю зямлю гэтую ў валоданьне; і падзялеце зямлю па жэрабі на надзелы плямёнам вашым: шматлікаму дайце надзел большы, а малалікаму дай надзел меншы; каму дзе выпадзе жэрабя, там яму і будзе надзел; паводле плямёнаў бацькоў вашых вазьмеце сабе надзелы; А калі вы не прагоніце ад сябе жыхароў зямлі, дык тыя зь іх, што застануцца, будуць цернямі для вачэй вашых і асьцюкамі для бакоў вашых і будуць уціскаць вас на зямлі, у якой вы жыцьмеце, і тады, што Я намерыўся зрабіць ім, зраблю вам.