ДРУГАЯ КНІГА ЦАРСТВАЎ. 1. Пасьля сьмерці Саўла, калі Давід вярнуўся ад разгрому Амалікіцянаў і прабыў у Сэкелагу два дні, вось, на трэці дзень прыходзіць чалавек з табара Саўлавага: вопратка на ім падраная і пыл на галаве ягонай. Прыйшоўшы да Давіда, ён упаў на зямлю і пакланіўся. І сказаў яму Давід: адкуль ты прыйшоў? І сказаў той: я ўцёк з табара Ізраільскага. І сказаў яму Давід: што адбылося? раскажы мне. І той сказаў: люд пабег зь бітвы, і мноства зь люду ўпала і памерла, і памерлі і Саўл і сын ягоны Ёнатан. І сказаў Давід хлопчыку, які расказваў яму: як ты ведаеш, што Саўл і сын яго Ёнатан памерлі? і сказаў хлопец, які расказваў Яму: я выпадкова прыйшоў на гару Гэлвуйскую, і вось, Саўл упаў на сваю дзіду, а калясьніцы і верхаўцы даганялі яго. Тады ён азірнуўся назад і, угледзеўшы мяне, паклікаў мяне. І я сказаў: вось я. Ён сказаў мне: хто ты? І я сказаў яму: я - Амалікіцянін. Тады ён сказаў мне: падыдзі да мяне і забі мяне, бо скруха сьмяротная агарнула мяне, душа мая ўсё яшчэ ўва мне. І я падышоў да яго і забіў яго, бо ведаў, што ён ня будзе жывы пасьля свайго падзеньня; і ўзяў я вянок, які быў на галаве ў яго, і запясьце, якое было на руцэ ў яго, і прынёс іх гаспадару майму сюды. Тады схапіў Давід вопратку сваю і падраў яе, таксама і ўсе людзі, якія былі зь ім, і галасілі і плакалі, і пасьціліся да вечара за Саўла і за сына ягонага Ёнатана, і за народ Гасподні і за дом Ізраілеў, што загінулі яны ад меча. І сказаў Давід хлопцу, які расказваў яму: адкуль ты? і сказаў той: я - сын прыхадня Амалікіцяніна. Тады Давід сказаў яму: як не пабаяўся ты падняць руку, каб забіць памазанца Гасподняга? І паклікаў Давід аднаго хлопца і сказаў яму: падыдзі, забі яго. І той забіў яго, і ён памёр. І сказаў яму Давід: кроў твая на галаве тваёй, бо твае вусны сьведчылі на цябе, калі ты казаў: я забіў памазанца Гасподняга. І аплакаў Давід Саўла і сына ягонага Ёнатана гэтаю плачнаю песьняю і загадаў навучыць сыноў Юдавых луку, як напісана ў кнізе праведнага, і сказаў: краса твая, о Ізраіле, разьбітая на вышынях тваіх! як загінулі моцныя! Не расказвайце ў Гэце, не абвяшчайце на вуліцах Аскалона, каб ня радаваліся дочкі Філістымлянаў, каб не весяліліся дочкі неабрэзаных. Горы Гэлвуйскія! ні раса, ні дождж на вас, хай ня будзе на вас палёў з пладамі, бо там павалены шчыт моцных, шчыт Саўла, як бы ня быў ён памазаны алеем. Бяз крыві параненых, бяз тлушчу моцных лук Ёнатана не вяртаўся назад, і меч Саўлаў не вяртаўся марна. Саўл і Ёнатан, любасныя і згодныя ў жыцьці сваім, не разлучыліся і ў сьмерці сваёй; імклівейшыя за арлоў, дужэйшыя за львоў яны былі. Дочкі Ізраільскія! плачце па Саўле, які апранаў вас у пурпуру з акрасамі і здабываў на вопратку вашую залатыя аздобы. Як загінулі моцныя ў бітве! Забіты Ёнатан на вышынях тваіх. Смуткую па табе, браце мой Ёнатане; ты быў вельмі дарагі мне; любоў твая была мне вышэйшая за любоў жаночую. Як загінулі моцныя, загінула зброя баявая!