1 ЛЕТАПІСАЎ. 10. Філістымляне ваявалі зь Ізраілем, і пабеглі Ізраільцяне ад Філістымлянаў, і падалі пабітыя на гары Гелвуе. І пагналіся Філістымляне за Саўлам і сынамі ягонымі, і забілі Філістымляне Ёнатана і Авінадава і Мэлхісуя, сыноў Саўлавых. Бітва супроць Саўла ўзмацнілася, і стралкі памкнуліся на яго, так што ён паранены быў стралкамі. І сказаў Саўл збраяносцу свайму: агалі меч твой і закалі мяне ім, каб ня прыйшлі гэтыя неабрэзаныя, і не паглуміліся зь мяне. Але збраяносец не рашыўся, бо вельмі спалохаўся. Тады Саўл узяў меч і ўпаў на яго. Збраяносец ягоны, убачыўшы, што Саўл памёр, і сам упаў на меч і памёр. І памёр Саўл, і тры сыны ягоныя, і ўвесь дом ягоны разам зь ім памёр. Калі ўбачылі Ізраільцяне, якія былі ў даліне, што ўсе бягуць і што Саўл і сыны ягоныя памерлі, дык пакінулі гарады свае і разьбегліся; а Філістымляне прыйшлі і пасяліліся ў іх. На другі дзень прыйшлі Філістымляне абіраць забітых, і знайшлі Саўла і сыноў ягоных забітых на гары Гэлвуйскай, і распранулі яго, і зьнялі зь яго галаву ягоную і зброю ягоную, і паслалі па зямлі Філістымскай, каб абвясьціць пра гэта перад ідаламі іхнімі і перад народам. І паклалі зброю ягоную ў капішча багоў сваіх, і галаву ягоную ўваткнулі ў доме Дагона. І пачуў увесь Явіс Галаадскі ўсё, што зрабілі Філістымляне з Саўлам. І падняліся ўсе людзі дужыя, узялі цела Саўлава і целы сыноў ягоных, і прынесьлі іх у Явіс, і пахавалі косьці іхнія пад дубам у Явісе, і пасьціліся сем дзён. Так памёр Саўл за сваё беззаконьне, якое ён учыніў перад Госпадам, за тое, што ня трымаўся слова Гасподняга і зьвярнуўся да чарадзейкі з пытаньнем, а ня спытаўся ў Госпада. За тое Ён і аддаў яго сьмерці, і перадаў царства Давіду, сыну Есэеваму.