1 ЛЕТАПІСАЎ. 16. І прынесьлі каўчэг Божы, і паставілі яго сярод скініі, якую зладзіў яму Давід, і ўзьнесьлі Богу цэласпаленьні і мірныя ахвяры. Калі Давід закончыў цэласпаленьні і прынашэньне мірных ахвяр, дык дабраславіў народ імем Госпада. І раздаў усім Ізраільцянам, і мужчынам і жанчынам, па адным хлебе і па кавалку мяса і па кубку віна, і паставіў на службу перад каўчэгам Гасподнім некаторых зь лявітаў, каб яны славасловілі, дзякавалі і ўсхвалялі Госпада Бога Ізраілевага: Асафа галоўным, другім пасьля яго Захара, Еела, Шэмірамофа, Ехііла, Мататыю, Эліяфа, і Ванэю, Авэд-Эдома і Еела з псалтырамі і цытрамі, і Асафа для ігры на кімвалах, а Ванэю і Азііла, сьвятароў, каб пастаянна трубілі перад каўчэгам запавета Божага. У гэты дзень Давід першы раз даў псальму для ўсхваленьня Госпада праз Асафа і братоў ягоных: слаўце Госпада, узносьце імя Яго; абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя; сьпявайце Яму, барабаньце Яму; раскажэце пра ўсе цуды Ягоныя; хвалецеся імем Ягоным сьвятым: хай радуецца сэрца тых, што шукаюць Госпада; знайдзеце Госпада і сілы Яго, шукайце няспынна аблічча Яго; спамінайце цуды, якія Ён стварыў, азнакі Яго і суды вуснаў Ягоных, вы, семя Ізраілевае, рабы Ягоныя, сыны Якава, выбранцы Яго! Ён Гасподзь Бог наш, суды Яго па ўсёй зямлі. Памятайце вечна запавет Яго, слова, якое Ён наказаў ў тысячы родаў, тое, што наказваў Абрагаму, і ў чым запрысягаўся Ісаку, і што паставіў Якаву ў закон, і Ізраілю ў запавет вечны, кажучы: табе дам Я зямлю Ханаанскую, у спадчынны надзел вам. Яны былі тады малалікія і мізэрныя, і прыхадні ў ёй, і пераходзілі ад народу да народу, і з аднаго царства да другога народу; але Ён нікому не дазволіў крыўдзіць іх і выкрываў за іх цароў: не дакранайцеся да памазаных Маіх, і прарокам Маім не рабеце ліха. Сьпявайце Госпаду, уся зямля, дабравяшчайце дзень у дзень выратаваньне Яго. Абвяшчайце язычнікам славу Яго, усім народам цуды Ягоныя, бо вялікі Гасподзь і варты хвалы, страшны больш за ўсіх багоў. Бо ўсе багі народаў нішто, а Гасподзь нябёсы стварыў. Слава і веліч перад абліччам Ягоным, магутнасьць і радасьць на месцы Ягоным. Узьнясеце Госпаду, плямёны народаў, узьнясеце Госпаду славу і гонар, узьнясеце Госпаду славу імю Ягонаму. Вазьмеце дар, ідзеце прад аблічча Яго, пакланецеся Госпаду і хараству сьвятыні Яго. Трымці перад ім, уся зямля, бо Ён запачаткаваў сусьвет, ён не пахісьнецца. Хай весяляцца нябёсы, хай радуецца зямля, і хай скажуць у народах: Гасподзь валадарыць! Хай плешча мора і што напаўняе яго, хай радуецца поле і ўсё, што на ім. Хай пераможна радуюцца ўсе дрэвы дуброўныя прад абліччам Госпада, бо Ён ідзе судзіць зямлю. Слаўце Госпада, бо навечна міласьць Яго, і скажэце: выратуй, Божа, Выратавальнік наш, зьбяры нас і выбаві нас ад народаў, хай жа ўславім сьвятое імя Тваё і хай жа пахвалімся славаю Тваёю. Дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў ад веку і да веку! І сказаў увесь народ: амін! алілуя! Давід пакінуў там, перад каўчэгам запавета Гасподняга, Асафа і братоў ягоных, каб яны служылі перад каўчэгам пастаянна, кожны дзень, і Авэд-Эдома і братоў ягоных, шэсьцьдзясят восем чалавек; Авэд-Эдома, сына Ідытунавага, і Хосу - брамнікамі, а Садока сьвятара і братоў сьвятароў перад жытлішчам Гасподнім, што на вышыні ў Гаваоне, для прынашэньня цэласпаленьняў Госпаду на ахвярніку цэласпаленьня пастаянна, раніцай і ўвечары, і дзеля ўсяго, што напісана ў законе Госпада, які Ён наказаў Ізраілю; і зь імі Эмана і Ідытуна і іншых выбраных якія назначаны паіменна, каб славіць Госпада, бо вечная міласьць Ягоная. Пры іх Эман і Ідытун праслаўляі Бога, іграючы на трубах, кімвалах і розных музычных спарудах; а сыноў Ідытуна паставіў пры браме. І пайшоў увесь народ, кожны ў свой дом; вярнуўся і Давід, каб дабраславіць дом свой.