1 ЛЕТАПІСАЎ. 23. Давід, састарыўшыся і насыціўшыся жыцьцём, паставіў царом над Ізраілем сына свайго Саламона. І сабраў усіх князёў Ізраілевых і сьвятароў і лявітаў, і палічаны былі лявіты, ад трыццаці гадоў і вышэй, і было лікам іх, лічачы пагалоўна, трыццаць восем тысяч чалавек. Зь іх прызначаны для дзеі ў доме Гасподнім дваццаць чатыры тысячы, а пісцоў і судзьдзяў шэсьць тысяч, і чатыры тысячы брамнікаў, і чатыры тысячы тых, што праслаўляюць Госпада на музычных спарудах, якія ён зрабіў для праслаўленьня. І падзяліў іх Давід на чароды па сынах Левія - Гірсоне, Кааце і Мэрары. З Гірсанянаў - Лаэдан і Шымэй. Сыны Лаэдана: першы Ехііл, Зэтам і Ёіль, трое. Сыны Шымэя: Шыламіт, Хазііл і Гаран, трое. Яны ўзначальцы пакаленьняў Лаэданавых. Яшчэ сыны Шымэя: Яхат, Зіза, Еўш і Бэрыя. Гэта сыны Шымэя, чацьвёра. Яхат быў галоўны, Зіта другі; Еўш і Бэрыя мелі дзяцей ня многа, і таму яны былі ў адным ліку пры доме бацькавым. Сыны Каата: Амрам, Іцгар, Хэўрон і Азііл, чацьвёра. Сыны Амрама: Аарон і Майсей. Аарон аддзелены быў на прысьвячэньне да Сьвятога Сьвятых, ён і сыны ягоныя, навечна, каб учыняць дымленьне прад абліччам Госпада, каб служыць Яму і дабраслаўляць імем Ягоным навекі. А Майсей, чалавек Божы і сыны ягоныя залічаны да калена Лявіінага. Сыны Майсея: Гірсон і Эліезэр. Сыны Гірсона: першы быў Шэвуіл. Сыны Эліезра былі: першы Рэхавія. І ня было ў Эліезэра другіх сыноў; у Рэхавіі ж было вельмі многа сыноў. Сыны Іцгара: першы Шэломіт. Сыны Хэўрона: першы Ерыя і другі Амарыя, трэці Яхазііл і чацьвёрты Екамам. Сыны Азііла: першы Міха і другі Ішыя. Сыны Мэрарыны: Махлі і Мушы. Сыны Махлія: Элеазар і Кіс. І памёр Элеазар, і ня было ў яго сыноў, а толькі дочкі; і ўзялі іх за сябе сыны Кіса, браты іхнія. Сыны Мушыя: Махлі, Эдэр і Ірэмот - трое. Вось сыны Лявііны, па дамах бацькоў іхніх, узначальцы сямействаў, па імянным зьлічэньні іхнім пагалоўна, якія спраўлялі дзеі служэньня ў доме Гасподнім, ад дваццаці гадоў і вышэй. Бо Давід сказаў: Гасподзь Бог Ізраілеў даў спакой народу Свайму і паставіў яго ў Ерусаліме навекі, і лявітам ня трэба насіць скінію і ўсялякія рэчы яе дзеля служэньня ў ёй. Таму, паводле апошніх загадаў Давіда, палічаны лявіты ад дваццаці гадоў і вышэй, каб яны былі пры сынах Ааронавых, дзеля служэньня дому Гасподняму, у двары і ў прыбудовах, дзеля падтрыманьня чысьціні ўсёй сьвятыні і дзеля выкананьня ўсялякай службы пры доме Божым дзеля назіраньня за хлябамі пакладнымі і пшанічнаю мукою для хлебнага прынашэньня і праснакамі, за печаным, смажаным і за ўсякаю мераю і вагою, і каб станавіліся кожнае раніцы дзякаваць і славасловіць Госпада, таксама і ўвечары, і пры ўсіх цэласпаленьнях, якія ўзносяцца Госпаду ў суботы, на маладзіка і ў сьвяты па ліку, як прадпісана пра іх, - пастаянна прад абліччам Госпада, і каб ахоўвалі скінію адкрыцьця і сьвятыню і сыноў Ааронавых, братоў сваіх, пры службах дому Гасподняму.