2 ЛЕТАПІСАЎ. 36. І ўзяў народ зямлі Ёахаза, сына Ёсіінага, і паставілі царом яго, замест бацькі ягонага, у Ерусаліме. Дваццаць тры гады было Ёахазу, калі зацараваў, і тры месяцы валадарыў у Ерусаліме. І скінуў яго цар Егіпецкі, і наклаў на зямлю яго даніны сто талантаў срэбра і талант золата. І паставіў цар Егіпецкі над Юдэяй і Ерусалімам Эліякіма, брата ягонага, і перамяніў імя ягонае на Ёакіма, а Ёахаза, брата ягонага, узяў Нэхаа і завёў яго ў Егіпет. Дваццаць пяць гадоў было Ёакіму, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. І рабіў ён незаўгоднае ў вачах Госпада Бога свайго. Супроць яго выйшаў Навухаданосар, цар Вавілонскі, і закаваў яго ў кайданы, каб завесьці ў Вавілон. І частку посуду дома Гасподняга перанёс Навухаданосар у Вавілон і паклаў яго ў капішчы сваім у Вавілоне. Іншыя дзеі Ёакіма і мярзоты ягоныя, якія ён рабіў і якія знойдзены ў ім, апісаны ў кнізе цароў Ізраільскіх і Юдэйскіх. І зацараваў Еханія, сын ягоны, замест яго. Васямнаццаць гадоў было Еханіі, калі зацараваў, і тры месяцы і дзесяць дзён валадарыў у Ерусаліме, і рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх. Праз год паслаў цар Навухаданосар і загадаў узяць яго ў Вавілон разам з каштоўным посудам дома Гасподняга, і паставіў царом над Юдэяю і Ерусалімам Сэдэкію, брата ягонага. Дваццаць адзін год было Сэдэкію, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме, і рабіў ён неспадобнае ў вачах Госпада Бога свайго. Ён не ўпакорыўся перад Ераміем прарокам, які прарочыў з вуснаў Гасподніх, і адкалоўся ад цара Навухаданосара, які ўзяў зь яго клятву імем Бога, - і зрабіў упарцістаю шыю сваю і зжарсьцьвіў сэрца сваё да таго, што не зьвярнуўся да Госпада Бога Ізраілевага. Ды і ўсе начальнікі над сьвятарамі і над народам многа грашылі, пераймаючы ўсе мярзоты язычнікаў, і спаганілі дом Госпада, які Ён асьвяціў у Ерусаліме. І пасылаў да іх Гасподзь Бог бацькоў іхніх пасланцаў Сваіх з раньняга рана, бо Ён шкадаваў народ Свой і Сваё жытлішча. Але яны зьдзекаваліся з пасланых ад Бога і заняхайвалі словы Яго, і ганілі прарокаў Ягоных, пакуль ня сышоў гнеў Госпада на народ Ягоны, так што ня было яму ратунку. І Ён навёў на іх цара Халдэйскага, - і той пазабіваў юнакоў іхніх мечам у доме сьвятыні іхняй і не пашкадаваў ні юнака, ні дзяўчыны, ні старога, ні сівога: усё аддаў Бог у руку ягоную. І ўвесь посуд дома Божага, вялікі і малы, і скарбы дома Гасподняга, і скарбы цара і князёў ягоных, усё прынёс ён у Вавілон. І спалілі дом Божы, і разбурылі сьцяну Ерусаліма, і ўсе харомы яго спалілі агнём, і ўсе каштоўнасьці яго зьнішчылі. І перасяліў ён тых, што засталіся, ў Вавілон, і былі яны рабамі яго і сыноў ягоных, да цараваньня цара Персідскага, пакуль, дзеля спраўджаньня слова Гасподняга, сказанага вуснамі Ераміі, зямля не адсьвяткавала суботаў сваіх. Ва ўсе дні запусьценьня яна суботнічала, пакуль ня споўнілася семдзесят гадоў. А на першым годзе Кіра, цара Персідскага, дзеля спраўджаньня слова Гасподняга, сказанага вуснамі Ераміі, абудзіў Гасподзь дух Кіра, цара Персідскага, і ён загадаў абвясьціць па ўсім царстве сваім словамі і пісьмова, і сказаць: так кажа Кір, цар Персідскі: усе царствы зямлі даў мне Гасподзь Бог нябесны, і Ён загадаў мне пабудаваць Яму дом у Ерусаліме, што ў Юдэі. Хто ёсьць з вас - з усяго народу Ягонага, Гасподзь Бог яго зь ім, і хай ён туды ідзе.