ЁВА. 3. Пасьля таго разамкнуў Ёў вусны свае і пракляў дзень свой. І пачаў Ёў і сказаў: хай загіне дзень, калі я нарадзіўся, і ноч, калі было сказана: зачаўся чалавек! Дзень той хай будзе цемраю; хай не дагледзіць яго Бог згары, і хай не зазьзяе над ім сьвятло! Хай запамрочыць яго цемра і цень сьмяротны, хай завалачэ яго хмара, хай баяцца яго, як палючае спёкі! Ноч тая, - хай забярэ яе змрок, хай не залічыцца яна ў дні года, хай ня ўвойдзе ў лік месяцаў! О! ноч тая - хай будзе яна бязьлюдная; хай ня ўвойдзе ў яе весялосьць! Хай праклянуць яе кляцьбіты дня, здольныя разбудзіць Левіяфана! Хай зацьмяцца зоркі сьвітаньня яе: хай чакае яна сьвятла, і яно ня прыходзіць, і хай ня ўбачыць яна веяў дзяньніц за тое, што не замкнула дзьвярэй улоньня маці маёй і не схавала гароты ад вачэй маіх! Чаму не памёр я, выходзячы з нутробы, і не сканаў, калі выйшаў з чэрава? Чаму прынялі мяне калені? навошта было мне смактаць саскі? Цяпер ляжаў бы я і спачываў: спаў бы, і было б мне спакойна з царамі і дарадцамі зямлі, якія забудоўвалі сабе пустыні, ці з князямі, у якіх было золата і якія напаўнялі дамы свае срэбрам; ці, як выкідзень пахаваны, не існаваў бы я, як немаўляты, якія сьвятла не пабачылі. Там беззаконныя перастаюць наводзіць страх, і там адпачываюць зьнясіленыя. Там вязьні цешацца спакоем і ня чуюць крыкаў наглядчыка. Малы і вялікі там роўныя, і раб свабодны ад гаспадара свайго. Навошта дадзена пакутніку сьвятло і жыцьцё засмучаным душою, якія чакаюць сьмерці, і няма яе, якія выкапалі б яе ахвотней, чым скарб. Узрадаваліся б да захапленьня, захапіліся б, што знайшлі магілу? Навошта дадзена сьвятло чалавеку, шлях якога зачынены і якога Бог атачыў змрокам? Уздыханьні мае апярэджваюць хлеб мой, і стогны мае ліюцца, як вада, бо жудаснае, чаго я жахаўся, тое і напаткала мяне; і чаго я баяўся, тое і прыйшло да мяне. Няма мне міру, няма спакою, няма радасьці: спасьцігла няшчасьце.