ЁВА. 4. І адказваў Эліфаз Фэманіцянін і сказаў: калі паспрабуем мы сказаць табе слова, - ці ня цяжка будзе табе? Урэшце, хто можа забараніць слова! Вось, ты настаўляў многіх і кволыя рукі падтрымліваў, таго, хто падаў, падымалі словы твае, і аслаблыя калені ты мацаваў. А цяпер дайшло да цябе, і зьнямогся ты; дайшло да цябе, і ты падупаў духам. Богабаязнасьць твая ці ж не павінна быць тваёю надзеяй, і беспахібнасьць шляхоў тваіх - спадзяваньнем тваім? Згадай жа, ці гінуў хто невінаваты, і дзе праведных выкарчоўвалі б? Як я бачыў, дык тыя, што аралі бязбожнае і сеялі ліхое, жнуць яго; ад павеву Божага гінуць і ад духу гневу Ягонага чэзнуць. Рык ільва і голас таго, хто рыкае, моўкне, і зубы львянят крышацца; магутны леў гіне без здабычы, і дзеці ільвіцы расьсейваюцца. І вось да мяне таемна данеслася слова, і вуха маё прыняло нешта ад яго. Сярод разважаньняў пра начныя відзежы, калі сон ахінае людзей, агарнуў мяне жах і дрыгат і скалануў усе косьці мае. І дух прайшоў над мною; дыбарам сталі валасы на мне. Ён стаў, - але я не пазнаў твару ягонага, - толькі аблічча было перад вачыма маімі; ціхі павеў, - і я чую голас: ці ж чалавек справядлівейшы за Бога? і мужчына ці ж чысьцейшы за Творцу свайго? Вось, Ён і слугам Сваім не давярае і ў анёлах Сваіх бачыць заганы: тым болей - у тых, што жывуць у харомінах з гліны, аснова якіх пыл, якія нішчацца хутчэй за моль. З раніцы да вечара яны распадаюцца; ня згледзіш, як яны зьнікнуць зусім. Ці ня гінуць разам зь імі і вартасьці іхнія? Яны паміраюць, не дасягнуўшы мудрасьці.