ЁВА. 5. Пакліч, калі ёсьць той, хто адкажа табе. Да каго зь сьвятых зьвернешся ты? Так дурнога забівае гнеўлівасьць, і няцямнага губіць дражлівасьць. Бачыў я, як дурны ўкараняецца, і адразу пракляў дом ягоны. Дзеці ягоныя далёкія ад шчасьця, іх будуць біць каля брамы, і ня будзе заступніка. Жніво ягонае зэесьць галодны і праз церне возьме яго, і спрагненыя праглынуць маёмасьць ягоную. Так, ня з пылу выходзіць гора, і не зь зямлі вырастае бяда; а чалавек нараджаецца на пакуту, як іскры, каб імкнуцца ўгору. Але я да Бога зьвярнуўся б, аддаў бы дзею маю Богу, Які творыць дзеі вялікія, бясконца дзівосныя, дае дождж улоньню зямлі і пасылае воды на ўлоньне палёў; прыніжаных ставіць на вышыню, і гаротнікаў узносіць у выратаваньне. Ён разбурае намыслы хітрых, і рукі іхнія не давяршаюць пачатага. Ён ловіць мудрацоў іхняй жа хітрасьцю, і рада хітрых робіцца марнай: удзень яны сустракаюць цемру і аполудні ходзяць вобмацкам, як поначы. Ён ратуе беднага ад меча, ад вуснаў іхніх і ад рукі моцнага. І ёсьць надзея няшчаснаму, і няпраўда стуляе вусны свае. Шчасны чалавек, якога наводзіць на розум Бог, і таму кары Ўсеўладнага не адхіляй, бо Ён спрычыняе раны і Сам перавязвае іх; Ён б'е, і Ягоныя ж рукі ацаляюць. У шасьці бедах ратуе цябе, і ў сёмай не кране цябе ліха. У голад выбавіць цябе ад сьмерці, і на вайне - ад рукі меча. Ад біча языка схаваеш сябе і не збаішся спусташэньня, калі яно прыйдзе. Са спусташэньня і голаду пасьмяешся і зьвяроў зямлі не збаішся, бо з камянямі польнымі ў цябе згода, і зьвяры польныя ў міры з табою. І ўведаеш, што намёт твой у бясьпецы, і будзеш глядзець за домам тваім і ня згрэшыш. І ўбачыш, што насеньне тваё безлічнае, і парасткі твае, як трава на зямлі. Увойдзеш у магілу ў глыбокай старасьці, як укладваюцца снапы пшаніцы сваім часам. Вось, што мы даведаліся; так яно і ёсьць; выслухай гэта і зазнач сабе.