ЁВА. 8. І адказваў Вілдад Саўхэянін і сказаў: ці доўга ты будзеш гаварыць так? - словы вуснаў тваіх бурны вецер! Няўжо Бог скажае суд, і Ўсеўладны ператварае праўду! Калі сыны твае зграшылі прад Ім, дык Ён і аддаў іх у руку беззаконьня іхняга. Калі ж ты знойдзеш Бога і памолішся Ўсеўладнаму, і калі ты чысты і з праўдаю, дык Ён сёньня ж устане над табою і замірыць жытлішча праўды тваёй. І калі спачатку ў цябе было мала, дык з часам будзе досыць многа. Бо спытайся ў ранейшых родаў і паглыбіся ў назіраньні бацькоў іхніх; а мы - учарашнія і нічога ня ведаем, бо нашыя дні на зямлі - цень. Вось, яны цябе навучаць, скажуць табе і ад сэрца свайго вымавяць словы: ці падымаецца трысьнёг бязь вільгаці? ці расьце чарот без вады? Яшчэ ён у сьвежасьці сваёй і ня зрэзаны, а раней за ўсякую траву засыхае. Такія шляхі ўсіх, што забываюць Бога, і надзея крывадушніка загіне; спадзяваньне ягонае падсечана, і ўпэўненасьць ягоная - дом павука. Абапрэцца на дом свой і ня ўстоіць; ухопіцца за яго і не ўтрымаецца. Зелянее ён перад сонцам, а за сад прасьціраецца гольле ягонае; у крушню ўплятаюцца карані ягоныя, паміж камянямі ўрэзваюцца. Але калі вырвуць яго зь месца ягонага, яно адмовіцца ад яго: я ня бачыла цябе! Вось радасьць шляху ягонага! а зь зямлі вырастуць іншыя. Бачыш, Бог не адкідае беззаганнага і не падтрымлівае рук ліхадзеяў. Ён яшчэ напоўніць сьмехам вусны твае і губы твае радасным клікам. Ненавісьнікі твае апрануцца ў сорам, і намёту бязбожных ня стане.