ЁВА. 9. І адказваў Ёў і сказаў: праўда! ведаю, што так; але як апраўдаецца чалавек прад Богам? Калі захоча ўступіць у спрэчку зь Ім, дык не адкажа Яму ні на адно з тысячы. Мудры сэрцам і магутны сілаю; хто паўставаў супроць Яго і заставаўся ў спакоі? Ён перасоўвае горы, і не пазнаюць іх: Ён ператварае іх у гневе Сваім; зрушвае зямлю зь месца яе, і слупы яе дрыжаць: скажа сонцу, - і ня ўзыдзе, і на зоркі накладвае пячатку. Ён адзін распасьцірае нябёсы і ходзіць па вышынях мора; стварыў Ас, Кесіль, і Хіма і тайнікі поўдня; робіць вялікае, непаддасьледнае і цудоўнае бясконца! Вось, Ён пройдзе перад мною, і ня ўбачу Яго; праімчыцца, і не заўважу Яго. Возьме, і хто забароніць Яму? хто скажа Яму: што Ты робіш? Бог не адверне гневу Свайго; прад Ім упадуць паборцы гардунства. Тым больш ці магу я адказваць Яму і шукаць сабе словаў прад Ім? Хоць бы я і ў праўдзе быў, але ня буду адказваць, а буду ўмольваць Судзьдзю майго. Калі б я паклікаў і Ён адказаў мне, - я не паверыў бы, што голас мой пачуў Той, Хто ў віхуры пабівае мяне і памнажае бязьвінна раны мае, не дае мне перавесьці дух, а перапаўняе мяне гаротамі. Калі дзеяць сілаю, дык Ён магутны; калі судом, хто зьвядзе мяне зь Ім? Калі я буду апраўдвацца, дык мае ж вусны зьвінавацяць мяне; калі я невінаваты, дык Ён прызнае мяне вінаватым. Невінаваты я; не хачу ведаць душы маёй, пагарджаю жыцьцём маім. Усё адно; таму я сказаў, што Ён губіць і беззаганнага і вінаватага. Калі гэтага пабівае Ён бічом раптам, дык з пыткі нявінных сьмяецца. Зямля аддадзена ў рукі бязбожных; твары судзьдзяў яе Ён засланяе. Калі не Ён, тады хто ж? Дні мае хутчэйшыя за ганца, - бягуць, ня бачаць дабра, імчацца, як лёгкія лодкі, як арол імкне на здабычу. Калі сказаць мне: «забуду я скаргі мае, адкладу змрочны выгляд свой і падбадзёруся», дык трымчу ад усіх пакутаў маіх, ведаючы, што Ты не абвесьціш мяне невінаватым. Калі ж я вінаваты, дык навошта марна пакутую? Хоць бы я абмыўся і сьнежнаю вадою і цалкам ачысьціў рукі мае, дык і тады Ты апусьціш мяне ў бруд, і пагардзіць мною вопратка мая. Бо Ён не чалавек, як я, каб я мог адказваць Яму і ісьці разам зь Ім на суд! Няма паміж імі пасрэдніка, які паклаў бы руку сваю на абодвух нас. Хай адхіліць Ён ад мяне жазло Сваё і страх Ягоны хай не жахае мяне, - і тады я буду гаварыць і не збаюся Яго, бо я не такі самы ў сабе.