ЁВА. 10. Абрыдла душы маёй жыцьцё маё: аддамся журбоце маёй; гаварыцьму ў гароце душы маёй. Скажу Богу: не вінаваці мяне; абвясьці мне, за што Ты са мною змагаешся? Ці добра Табе, што Ты прыгнятаеш, што пагарджаеш дзеяй рук Тваіх, а на раду бязбожных пасылаеш сьвятло? Хіба ў Цябе цялесныя вочы, і Ты глядзіш, як глядзіць чалавек? Хіба дні Твае, як дні ў чалавека, альбо леты Твае, як дні ў мужчыны, што Ты шукаеш заганы ўва мне і дапытваешся грэху ўва мне, хоць ведаеш, што я не беззаконьнік, і што няма каму выбавіць мяне ад рукі Тваёй? Твае рукі працавалі над мною і ўтварылі ўсяго мяне цалкам, - і Ты губіш мяне? Успомні, што Ты, як гліну, урабіў мяне, і ў пыл ператвараеш мяне? Ці ня Ты выліў мяне, як малако, і, як тварог, згусьціў мяне, скураю і плоцьцю апрануў мяне, косткамі і жыламі змацаваў мяне, жыцьцё і мілату падарыў мне, і клопат Твой ахоўваў дух мой? Але і тое хаваў Ты ў сэрцы Сваім, - ведаю, што гэта было ў Цябе, - што калі я зграшу, Ты заўважыш і не пакінеш грэху майго без пакараньня. Калі я вінаваты, гора мне! калі і мая праўда, дык не адважуся падняць галавы маёй. Я сыты прыніжэньнем; паглядзі на гора маё: яно павялічваецца. Ты гонішся за мною, як леў, і зноў нападаеш на мяне і дзівосным з'яўляешся мне. Выводзіш новых сьведкаў Тваіх супроць мяне; узмацняеш гнеў Твой на мяне; і беды, адны за аднымі, паўстаюць супроць мяне. І навошта Ты вывеў мяне з чэрава? хай бы я памёр, калі яшчэ нічыё вока ня бачыла мяне; хай бы я, як нябылы, з чэрава перанесены быў у магілу! Ці не кароткія дні мае? Пакінь, адступіся ад мяне, каб я крыху падбадзёрыўся, перш чым адыду, - і ўжо не вярнуся, - у край цемры і ценю сьмяротнага, у край змроку, які ёсьць змрок ценю сьмяротнага, дзе няма ладу, дзе цёмна, як сама цемра.