ЁВА. 11. І адказваў Сатар Нааміцянін і сказаў: хіба на мноства слоў нельга даць адказу, і хіба чалавек шматслоўны мае рацыю? Пустаслоўе тваё ці ж прымусіць маўчаць мужоў, каб ты глуміўся, і ня было каму прысароміць цябе? Ты сказаў: меркаваньне маё правільнае, і чысты я ў вачах Тваіх. Але калі б Бог загаварыў і растуліў вусны Свае дзеля цябе і адкрыў табе таямніцы мудрасьці, што табе ўдвая больш належала перацерпець! Дык вось ведай, што Бог дзеля цябе некаторыя з тваіх беззаконьняў аддаў забыцьцю. Ці можаш ты дасьледаваньнем знайсьці Бога? Ці можаш цалкам спасьцігнуць Усеўладнага? Ён вышэйшы за нябёсы, - што можаш зрабіць? глыбейшы за апраметную, - што можаш даведацца? Даўжэйшая за зямлю мера Ягоная і шырэйшая за мора. Калі Ён прыйдзе і замкне каго-небудзь у кайданы і паставіць на суд, дык хто адхіліць Яго? Бо Ён ведае людзей манлівых і бачыць беззаконьне, і ці ж пакіне яго без увагі? Але пусты чалавек мудруе, хоць чалавек нараджаецца падобна дзікаму асьляняці. Калі ты ўправіш сэрца сваё і працягнеш да Яго рукі твае, і калі ёсьць загана ў руцэ тваёй, а ты выдаліш яе і не дасі беззаконьню жыць у намётах тваіх, дык падымеш незаплямлены твар твой і будзеш цьвёрды і ня будзеш баяцца. Тады забудзеш гора: як пра ваду, што працякла, будзеш успамінаць пра яго. І ясьней за полудзень пойдзе жыцьцё тваё; прасьветлішся, як раніца. І будзеш спакойны, бо ёсьць надзея; ты аслонены і можаш спаць у бясьпецы. Будзеш ляжаць, і ня будзе застрашніка, і многія будуць ласьціцца да цябе. І вочы беззаконьнікаў растануць, і прыстанішча прападзе ў іх, і надзея іхняя шчэзьне.