ЁВА. 12. І адказваў Ёў і сказаў; а ўжо ж такі, толькі вы людзі, і з вамі памрэ мудрасьць! І ў мяне ёсьць сэрца, як у вас; ня ніжэйшы я за вас; і хто ня ведае таго самага. Пасьмешышчам зрабіўся я свайму сябру, я, хто заклікаў Бога, і каму Ён адказваў, пасьмешышчам - чалавек праведны, беспахібны. Так, на думку таго, хто сядзіць у спакоі, пагарды вартая паходня, падрыхтаваная таму, чые ногі спатыкаюцца. Спакойныя намёты ў рабаўнікоў і бясьпечныя ў тых, што дражняць Бога, што быццам Бога носяць на руках сваіх. А ўжо ж такі: спытайся ў быдла, і навучаць цябе, - у птушкі нябеснай, і абвесьціць табе; альбо пагутары зь зямлёю, і наставіць цябе, і скажуць табе рыбы марскія. Хто ва ўсім гэтым ня ўведае, што рука Госпада стварыла гэта. У Ягонай руцэ душа ўсяго жывога і дух усякі чалавечай плоці. Ці ж ня вуха разьбірае словы, і ці не язык распазнае смак ежы? У старцах - мудрасьць, і ў даўгавечных - розум. У Яго мудрасьць і сіла; Ягоныя рада і розум. Што Ён разбурыць, тое не адбудзецца; каго Ён увязьніць, той ня вызваліцца. Спыніць воды, і ўсё ўсохне; пусьціць іх, і пераўтвораць зямлю. У Яго магутнасьць і мудрасьць, прад Ім той, хто заблытвае і ўводзіць у аблуду. Ён прыводзіць дарадцаў да неабдуманасьці і судзьдзяў робіць дурнымі. Ён вызваляе з повязяў цароў і поясам абвязвае сьцёгны ім; князёў пазбаўляе годнасьці і кідае ніцма адважных; адбірае мову ў красамоўных і старцаў пазбаўляе глузду; пакрывае сорамам знакамітых і сілу ў магутаў паслабляе; адчыняе глыбокае зь сярэдзіны цемры і выводзіць на сьвятло цень сьмяротны; памнажае народы і вынішчае іх; расьсявае народы і зьбірае іх; адбірае розум у стрэйшынаў народу зямлі і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе няма дарогі; вобмацкам ходзяць яны ў цемры без сьвятла і хістаюцца, як п'яныя.