ЁВА. 13. Вось, усё гэта бачыла вока маё, чула вуха маё і зьмеціла сабе. Колькі ведаеце вы, ведаю і я: я ня ніжэйшы за вас. Але я да Ўсяўладнага хацеў бы гаварыць і жадаў бы спаборнічаць з Богам. А вы плетуны хлусні; усе вы бескарысныя лекары. О, калі б толькі вы маўчалі! гэта было б залічана вам у мудрасьць. Выслухайце ж разважаньні мае і ўдумайцеся ў пярэчаньне вуснаў маіх. Ці трэба было вам дзеля Бога гаварыць няпраўду і дзеля Яго гаварыць ману? Ці трэба было вам быць заўгодным Яму і за Бога так спрачацца? Ці добра будзе, калі Ён выпрабуе вас? Ці ашукаеце Яго, як ашукваюць чалавека? Строга пакарае Ён вас, хоць вы і патайна крывадушнічаеце. Няўжо веліч Ягоная не палохае вас, і страх Ягоны не нападае на вас? Напаміны вашыя падобныя на попел, апоры вашыя - апоры гліняныя. Замоўкніце перад мною, і я буду гаварыць, што б ні напаткала мяне. Навошта мне турзаць цела маё зубамі маімі і душу маю класьці ў руку маю? Вось, Ён забівае мяне, але я буду спадзявацца; я хацеў бы толькі адстояць шляхі мае прад абліччам Ягоным! І гэта ўжо ў апраўданьне мне, таму што крывадушнік ня пойдзе прад аблічча Ягонае! Выслухайце ж уважліва слова маё і тлумачэньне маё вушамі вашымі. Вось, я завёў судовую справу: ведаю, што праўда мая. Хто здольны аспрэчыць мяне? Бо я неўзабаве замоўкну і выпушчу дух. Дваяка толькі не рабі са мною, і тады я ня буду хавацца ад аблічча Твайго: адвядзі ад мяне руку Тваю, і жах Твой хай не трасе мяне. Тады кліч, і я буду адказваць, альбо буду гаварыць я, а Ты адказвай мне. Колькі ў мяне заганаў і грахоў? пакажы мне беззаконьне маё і грэх мой. Навошта хаваеш аблічча Тваё і лічыш мяне ворагам Тваім? Ці не сарваную лісьцінку Ты расьціраеш і ці ня сухую саломіну перасьледуеш? Бо Ты пішаш на мяне горкае і залічваеш мне грахі маладосьці маёй, і ставіш у калодку ногі і прасочваеш усе сьцежкі мае, - гонішся па сьлядах ног маіх. А ён, як цьвіль, распадаецца, як вопратка, сточаная мольлю.