ЁВА. 14. Чалавек, народжаны жанчынай, недаўгавечны і перапоўнены журботамі: нібы кветка, ён выходзіць і ападае; уцякае, як цень, і ня спыняецца. І якраз на яго ты падымаеш вочы Твае, і мяне вядзеш на суд з Табою? Хто родзіцца чыстым ад нячыстага? Ніхто. Калі дні яму вызначаны, і лік месяцаў ягоных у Цябе, калі Ты паклаў яму крэс, якога ён не пяройдзе, дык ухіліся ад яго: няхай ён адпачне, пакуль не закончыць, як найміт, дня свайго. У дрэва ёсьць надзея, што яно, калі і будзе сьсечана, зноў ажыве, і парасткі ад яго выходзіць не перастануць: калі і састарэў у зямлі корань ягоны, і пень ягоны замёр у пыле, але, як толькі пачула ваду, яно дае парасткі і пускае вецьце, як бы нанава пасаджанае. А чалавек памірае і распадаецца; адышоў, і дзе ён? Сыходзяць воды з возера, і рака выцякае і высыхае: так чалавек ляжа і ня ўстане; да сканчэньня неба ён не прачнецца і не паўстане са сну свайго. О, калі б Ты ў апраметнай схаваў мяне і хаваў мяне, пакуль пройдзе гнеў Твой, паклаў мне тэрмін і потым згадаў пра мяне! Калі памрэ чалавек, дык ці будзе ён зноў жыць? Ва ўсе дні вызначанага мне часу я чакаў бы, пакуль прыйдзе мне зьмена. Паклікаў бы Ты, і Я даў бы Табе адказ, і Ты выказаў бы ўпадабаньне да твору рук Тваіх; бо тады Ты пералічыў бы крокі мае і не сачыў бы за грэхам маім; у зьвітку было б пазначана беззаконьне маё, і Ты закрыў бы віну маю. Але гара, падаючы, разбураецца, і скала сыходзіць зь месца свайго; вада сьцірае камяні; разліў яе змывае зямны пыл: так і надзею чалавека Ты зьнішчаеш. Адціскаеш яго да канца, і ён сыходзіць; мяняеш яму твар і адсылаеш яго. Ці ў гонары дзеці ягоныя - ён ня ведае, ці прыніжаныя - ён не заўважае; але плоць ягоная на ім баліць, і душа ягоная ў ім пакутуе.