ЁВА. 15. І адказваў Эліфаз Тэманіцянін і сказаў: ці будзе мудры адказваць веданьнем пустым і напаўняць чэрава сваё ветрам палючым, апраўдвацца словамі бескарыснымі і моваю, якая ня мае ніякай сілы? Але ты адклаў і страх і за міласьць лічыш словы да Бога. Бязбожнасьць твая так наладзіла вусны твае, і ты выбраў мову падступных. Цябе вінавацяць вусны твае, а ня я, і твой язык гаворыць супроць цябе. Хіба ж ты першым чалавекам нарадзіўся і раней за пагоркі створаны? Хіба ж раду Божую ты чуў і прыхінуў да сябе мудрасьць? Што ведаеш ты, чаго б ня ведалі мы? што разумееш ты, чаго ня было б у нас? І сівы і старац ёсьць сярод нас, які днямі перабольшае бацьку твайго. Хіба маласьць табе суцяшэньні Божыя? І гэта невядома табе? Да чаго парывае цябе сэрца тваё, і дзеля чаго так ганарыста глядзіш? Чаго скіроўваеш супроць Бога дух твой і вуснамі тваімі прамаўляеш такія словы? Што такое чалавек, каб быў ён чысты, і каб народжаны жанчынай быў праведны? Вось, Ён і сьвятым Сваім не давярае, і нябёсы нячыстыя ў вачах у Яго: тым болей нячысты і разбэшчаны чалавек, які п'е беззаконьне, як ваду. Я буду гаварыць табе, слухай мяне; я раскажу табе, што бачыў, што чулі мудрыя і ня ўтоілі чутага ад бацькоў сваіх, якім адным аддадзена была зямля, і сярод якіх чужы не хадзіў. Бязбожны мучыць сябе праз усе дні свае, і лік гадоў заслонены ад прыгнятальніка: гук жахаў у вушах ягоных; сярод міру ідзе на яго згубнік, Ён не спадзяецца выратавацца ад цемры: бачыць перад сабою меч. Ён бадзяецца за кавалак хлеба ўсюды; ведае, што ўжо гатовы, у руках у яго дзень цемры. Палохае яго нэндза і ўціск; адольвае яго, як цар, які падрыхтаваўся да бітвы, за тое, што ён працягваў супроць Бога руку сваю і супрацівіўся Ўсеўладнаму, памыкаўся супроць яго з ганарыстым каркам, пад тоўстымі шчытамі сваімі; бо ён пакрыў аблічча сваё тлушчам сваім і абклаў салам сьцёгны свае. І ён селіцца ў гарадах спустошаных, у дамах, у якіх ня жывуць, якія асуджаны на руйнаваньне. Не задоўжыцца ён у багацьці і не ацалее маёмасьць ягоная, і не распаўсюдзіцца па зямлі набытак ягоны. Не ўцячэ ад цемры; парасткі ягоныя ссушыць полымя і павевам вуснаў сваіх пацягне яго. Хай не давярае марнасьці аблудны, бо марнасьць будзе і платай яму. Ня ў свой дзень ён сканае, і гольле ягонае ня будзе зелянець. Скіне ён, як вінаградная лаза, недасьпелую ягаду сваю і, як масьліна, атрасе цьвет свой. Так апусьцее дом бязбожнага, і агонь зжарэ намёты ліхаемства. Ён зачаў ліхое і нарадзіў няпраўду, і нутроба ягоная рыхтуе падман.