ЁВА. 17. Дыханьне маё аслабла; дні мае згасаюць; магілы перад мною. Калі б не пакепнікі іхнія, дык і ў спрэчках іхніх вока маё заставалася б спакойнае. Заступіся, паручыся Сам за мяне прад Сабою! інакш хто паручыцца за мяне? Бо Ты зачыніў сэрца іхняе ад разуменьня, і таму не даеш перамагчы ім. Хто асуджае сяброў сваіх на здабычу, у дзяцей таго вочы растануць. Ён зрабіў мяне прыпавесьцю ў народа і пасьмешышчам у яго. Замглілася ад гароты вока маё, і ўсе чэлесы мае, як цень. Моцна зьдзівяцца з гэтага праведныя, і невінаваты абурыцца з крывадушніка. Але праведны будзе моцна трымацца шляху свайго, і чысты рукамі будзе болей і болей мацавацца. Выступайце, усе вы, і падыдзеце; не знайду я мудрага сярод вас. Дні мае прайшлі; думы мае - здабытак сэрца майго - разьбітыя. А яны ноч хочуць ператварыць у дзень, сьвятло наблізіць да твару цемры. Калі б я і пачаў чакаць, дык апраметная дом мой; у цемры пасьцялю я пасьцель сваю; магіле скажу: ты за бацьку мне, чарвяку: ты маці мая і сястра мая. Дзе ж пасьля гэтага надзея мая? і чаканае мною хто пабачыць? У апраметную сыдзе яна і будзе спачываць са мною ў пыле.