ЁВА. 18. І адказваў Валдад Саўхэянін і сказаў: калі ж пакладзяце вы канец такім гаворкам? абдумайце і пасьля будзем гаварыць. Навошта лічыцца нам жывёламі і быць прыніжанымі ў вачах вашых? О ты, хто разьдзірае душу тваю ў гневе тваім? Няўжо дзеля цябе апусьцець зямлі, і скале зрушыцца зь месца свайго? Так, сьвятло ў беззаконнага патухне, і не застанецца іскры ад агню ягонага. Зацьміцца сьвятло ў намёце ягоным, і сьвяцільня ягоная патухне над ім. Скароцяцца крокі магутнасьці ягонай, і скіне яго ўласны намысел ягоны, бо ён улезе ў сетку сваімі нагамі і па нератах хадзіць будзе. Пятля зашмаргне нагу ягоную, і грабежнік зловіць яго. Непрыкметна раскладзены на зямлі сілкі на яго і пасткі на дарозе. З усіх бакоў будуць палохаць яго жахі і прымушаць яго кідацца туды і сюды. Зьмізарнее ад голаду сіла яго, і пагібель гатовая збоку ў яго. Зьесьць чэлесы цела ягонага, зьесьць чэлесы ягоныя першынец сьмерці. Выгнана будзе з намёта ягонага надзея ягоная, і гэта апусьціць яго да цара жахаў. Паселяцца ў намёце ягоным, бо ён ужо не ягоны; жытло ягонае будзе пасыпана серкаю. Зьнізу падсохнуць карані ягоныя, і зьверху завянуць галіны ягоныя. Памяць пра яго зьнікне зь зямлі, і імя ягонага ня будзе на плошчы. Прагоняць яго зь сьвятла ў цемру і сатруць яго з улоньня зямлі. Ні сына ягонага, ні ўнука ня будзе ў народзе ягоным, і нікога не застанецца ў сялібах ягоных. Днём ягоным зжахнуцца нашчадкі, і сучаснікі будуць агорнуты трымценьнем. Такія жытлішчы ў беззаконнага, і такое месца ў таго, хто ня ведае Бога.