ЁВА. 20. І адказваў Сатар Нааміцянін і сказаў: развагі мае змушаюць мяне адказаць, і я сьпяшаюся выказаць іх. Дакор ганебны мне выслухаў я, і дух разуменьня майго адкажа за мяне. Хіба ня ведаеш ты, што спрадвеку, - з таго часу, як пастаўлены чалавек на зямлі, весялосьць беззаконных кароткая ў часе, і радасьць крывадушнікаў імгненная? Хоць бы вырасла да нябёсаў веліч ягоная, і галава ягоная дастала да воблакаў, - як памёт ягоны, навекі прападае ён; тыя, што бачылі яго, скажуць, дзе ён? Як сон, адляціць, і ня знойдуць яго; і, як начны відзеж, зьнікне. Вока, якое бачыла яго, больш не пабачыць яго, і ўжо ня ўгледзіць яго месца ягонае. Сыны яго будуць шукаць ласкі ў жабракоў, і рукі ягоныя вернуць украдзенае ім. Косткі яго напоўнены грахамі маладосьці ягонай, і зь ім лягуць яны ў пыл. Калі салодкае ў роце яго зло і ён тоіць яго пад языком сваім, беражэ і ня кідае яго, а трымае яго ў вуснах, - дык гэтая ежа ягоная ў нутробе ягонай ператворыцца ў жоўць аспідаў усярэдзіне ў яго. Маёмасьць, якую ён глытаў, выблюе: Бог вырве яго з чэрава ягонага. Зьмяіны яд ён смокча; усьмерціць яго язык зьмяіны. Ня бачыць яму ручаёў, рэк, якія плывуць мёдам і малаком! Нажытае працай верне, не праглыне; у меру маёмасьці ягонай будзе і адплата ягоная, а ён не парадуецца. Бо ён прыгнятаў, адсылаў бедных, захопліваў дамы, якіх не будаваў; ня ведаў сытасьці ў чэраве сваім і ў прагнасьці сваёй не шкадаваў нічога. Нішто не ўратавалася ад ненаеднасьці ягонай, затое ня вытрывае шчасьце ягонае. У поўніцы багацьця будзе цесна яму; рука кожнага пакрыўджанага падымецца на яго. Калі будзе чым напоўніць нутробу ягоную, Ён пашле на яго лютасьць гневу Свайго і здожджыць на яго хваробы ў плоці ягонай. Як уцячэ ён ад зброі жалезнай, - пратне яго лук медны; пачне вымаць стралу, - і яна выйдзе зь цела, выйдзе, зьзяючы праз жоўць ягоную; жахі сьмерці прыйдуць на яго! Усё змрочнае схавана ўсярэдзіне ў яго; будзе пажыраць яго агонь, нікім не разьдзіманы; ліха напаткае і ўсё, што засталося ў намёце ягоным. Неба адкрые беззаконьне ягонае, і зямля паўстане супроць яго. Зьнікне сьцягнутае з дома ягонага; усё расплывецца ў дзень гневу Яго. Вось доля чалавеку беззаконнаму ад Бога і спадчына, вызначаная яму Ўсеўладным!