ЁВА. 21. І адказваў Ёў і сказаў: выслухайце ўважліва слова маё, і гэта будзе мне суцяшэньнем ад вас. Патрывайце мяне, і я буду гаварыць; а пасьля таго, як пагавару, насьміхайцеся. Хіба да чалавека слова маё? як жа мне і не маладушнічаць? Паглядзеце на мяне і жахнецеся, і пакладзеце палец на вусны. Як толькі я згадаю, - уздрыгваю, і трымценьне абдымае цела маё. Чаму беззаконныя жывуць, дасягаюць старасьці, ды і сілаю моцныя? Дзеці іхнія зь імі перад абліччам ў іх, і ўнукі іхнія перад вачыма ў іх. Дамы іхнія ўбясьпечаны ад страху, і няма жазла Божага на іх. Бык іхні апладняе і ня выкідае, карова іхняя зачынае, і ня скідае. Як статак, выпускаюць яны малечу сваю, і дзеці іхнія скачуць. Усклікаюць пад тымпан і цытру і весяляцца пад жалейку; бавяць дні свае ў шчасьці і імгненна сыходзяць у апраметную. А тым часам яны кажуць Богу: адыдзі ад нас, ня хочам мы ведаць шляхоў Тваіх! што нам Усеўладны, каб слугаваць Яму? і якая карысьць хінуцца да Яго? Бачыш, шчасьце іхняе не ад іхніх рук. - Парада бязбожных, будзь далёкая ад мяне! Ці часта тухне сьвяцільня ў беззаконных, і нападае на іх бяда, і Ён дае ім на долю пакуты ў гневе Сваім? Яны павінны быць, як саломінка перад ветрам, і як мякіна, якую нясе віхура. Скажаш: Бог ашчаджае дзецям ягоным няшчасьце ягонае. - Хай аддасьць ён яму самому, каб ён гэта ведаў. Хай яго вочы ўбачаць няшчасьце ягонае, і хай ён сам п'е ад гневу Ўсеўладнага. Бо які яму клопат да дому свайго пасьля яго, калі лік месяцаў ягоных скончыцца? Але ці Бога вучыць мудрасьці, калі Ён судзіць і вышніх? Адзін памірае ў самай поўніцы сілы сваёй, цалкам спакойны і мірны; нутроба ягоная поўная тлушчу, і косткі ягоныя напоены мозакам. А другі памірае з душою засмучанаю, не зазнаўшы дабра. І яны разам будуць ляжаць у пыле, і чэрві пакрыюць іх. Ведаю я вашыя думкі і ўлоўкі, якія вы супраць мяне плецяце. Вы скажаце: дзе дом князя, і дзе намёт, у якім жылі беззаконныя? Хіба вы ня пыталіся ў вандроўнікаў і не знаёмыя зь іхнімі назіраньнямі, што ў дзень пагібелі літаваны бывае злодзей, у дзень гневу адводзіцца ўбок? Хто паставіць яму перад аблічча ягонае шлях ягоны, і хто аддасьць яму за тое, што ён учыняў? Яго праводзяць да магілы і на яго магіле ставяць варту. Салодкія яму камлыгі даліны, і за ім ідзе натоўп людзей, а тым, што ідуць перад ім, ліку няма. Як жа вы хочаце суцяшаць мяне пустым? У вашых адказах застаецца толькі мана.