ЁВА. 22. І адказваў Таманіцянін і сказаў: хіба можа чалавек рабіць карысьць Богу? Разумны робіць карысьць сабе самому. Якая прыемнасьць Усеўладнаму з таго, што ты праведны? І ці будзе Яму выгода з таго, што ты трымаеш дарогі твае ў беззаганнасьці? Няўжо Ён, баючыся цябе, уступіць з табою ў спаборніцтва, пойдзе судзіцца з табою? Праўда, злосьць твая вялікая, і беззаконьням тваім няма краю. Праўда, ты браў заклад у братоў тваіх ні за што і з паўголых здымаў вопратку. Стомленаму смагаю не падаваў вады напіцца і галоднаму адмаўляўся даць хлеба; а чалавеку дужаму ты даваў зямлю, і заможны сяліўся на ёй. Удоваў ты адсылаў ні з чым і сіротаў пакідаў з пустымі рукамі. За тое вакол цябе петлі, і скалануў цябе нечаканы жах, альбо цемра, у якой ты нічога ня бачыш, і мноства водаў пакрыла цябе. Ці ня вышэй за нябёсы Бог? паглядзі ўгору на зоркі, як яны высока! І ты кажаш: што ведае Бог? ці можа Ён судзіць праз цемру? Хмары - заслона Ягоная, так што Ён ня бачыць, а ходзіць толькі па нябесным коле. Няўжо ты трымаешся шляху старажытных, па якім ішлі людзі беззаконныя, якія раней часу былі зьнішчаны, калі вада разлілася пад аснову іхнюю? Яны казалі: адыдзі ад нас! І што зрабіў ім Усеўладны? А Ён напаўняў дамы іхнія дабром. Але рада бязбожных будзь далёка ад мяне! Бачылі праведнікі і радаваліся, і беззаганны сьмяяўся зь яго: вораг наш зьнішчаны, а што засталося пасьля іх, тое пажэр агонь. Зблізіся ж зь Ім - і будзеш спакойны: праз гэта прыйдзе да цябе дабро. Прымі з вуснаў Ягоных закон і пакладзі слова Ягонае ў сэрца тваё. Калі ты зьвернешся да Ўсеўладнага, дык зноў уладзішся, адвядзеш беззаконьне ад намёта твайго і будзеш кідаць у пыл бліскучы метал, і ў каменьне патокаў - золата Афірскае. І будзе Ўсеўладны тваім золатам і бліскучым срэбрам у цябе, бо тады будзеш радавацца ва Ўсеўладным і падымеш да Бога аблічча тваё. Памолішся Яму, і Ён пачуе цябе, і ты выканаеш абяцаньні твае. Замысьліш намер, і ён зьдзейсьніцца ў цябе, над дарогамі тваімі будзе зьзяць сьвятло. Калі хто зьнішчаны будзе, ты скажаш: узвышэньне! і Ён уратуе таго, хто панік абліччам, выбавіць і небязьвіннага, і ён выратуецца чысьцінёю рук тваіх.