ЁВА. 26. І адказваў Ёў і сказаў: як ты дапамог бясьсіламу, падтрымаў мышцу нямоглага! Як раду ты даў ня мудраму і як ва ўсёй поўніцы растлумачыў! Каму ты казаў гэтыя словы, і чый дух выходзіў зь цябе? Рэфаімы трымцяць пад водамі, і тыя, што жывуць у іх. Апраметная аголена прад Ім, і няма покрыва Авадону. Ён расхінуў поўнач над пустатою, павесіў зямлю ні на чым. Ён заключае воды ў аблоках Сваіх, і воблака не расьсядаецца пад імі. Ён паставіў трон Свой, расхінуў над ім воблака Сваё. Рысу правёў над паверхняю вады, да межаў сьвятла зь цемраю. Слупы нябёсаў дрыжаць і жахаюцца ад грозьбы Ягонай. Сілаю Сваёю хвалюе мора і розумам Сваім змагае ягоную дзёрзкасьць. Ад духу Ягонага - цудоўнасьць неба; рука Ягоная ўтварыла борздага скарпіёна. Вось, гэта частка шляхоў Ягоных; і як мала мы чулі пра Яго! А гром магутнасьці Ягонай хто можа зразумець?