ЁВА. 28. Так! У срэбра ёсьць вытокавая жыліна, і ў золата месца, дзе яго плавяць. Жалеза здабываецца зь зямлі; з каменьня выплаўляецца медзь. Чалавек кладзе мяжу цемры і старанна шукае камень у змроку і цяні сьмяротным. Выкопваюць рудню ў мясьцінах, забытых нагою, спускаюцца ўглыбіню, вісяць і зыбаюцца ўдалечыні ад людзей. Зямля, на якой вырастае хлеб, усярэдзіне перакапана як бы агнём. Камяні яе - месца сапфіра, і ў ёй пясчынкі золата. Сьцежкі туды ня ведае драпежная птушка, і ня бачыла яе вока каршуна; не тапталі яе львы, і не хадзіў па ёй шакал. На граніт кладзе ён руку сваю, з коранем перакульвае горы; у камянях прасякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока ягонае; спыняе цячэньне патокаў і схаванае выносіць на сьвятло. Але дзе мудрасьць жыве? і дзе месца розуму? Ня ведае чалавек цаны яе, і яна ня жыве на зямлі жывых. Бездань кажа: не ўва мне яна; і мора кажа: не ў мяне. Не даецца яна за золата, і не набываецца яна за вагу срэбра. Не ацэньваецца яна золатам Афірскім, ні каштоўным аніксам, ні сапфірам; не раўняецца зь ёю золата і крышталь, і ня выменяеш яе на посуд з чыстага золата. А пра каралы і жэмчуг і згадваць няма чаго, і набыцьцё мудрасьці вышэй за рубіны. Не раўняецца зь ёю тапаз Эфіопскі; чыстым золатам не ацэньваецца яна. Адкуль жа выходзіць мудрасьць? і дзе месца розуму? Схавана яна ад вачэй усяго жывога і ад птушак нябесных утоена. Авадон і сьмерць кажуць: вушамі нашымі чулі мы чутку пра яе. Бог ведае шлях яе, і Ён ведае месца яе. Бо бачыць да краёў зямлі і бачыць пад усім небам. Калі Ён ветру даваў вагу і разьмяшчаў ваду па меры, калі назначаў статут дажджу і шлях маланцы громаноснай, тады Ён бачыў яе і паказаў яе, падрыхтаваў яе і яшчэ выпрабаваў яе і сказаў чалавеку: вось страх Гасподні ёсьць сапраўдная мудрасьць, і аддаленьне ад ліха - розум.