ЁВА. 29. І гаварыў далей Ёў слова сваё і сказаў: о, калі б я быў, як у ранейшыя месяцы, як у тыя дні, калі Бог асланяў мяне, калі сьвяцільня Ягоная сьвяціла над галавою маёю, і я пры сьвятле Ягоным хадзіў у цемры; як быў я ў дні маладосьці маёй, калі ласка Божая была над намётам маім, калі яшчэ ўсеўладны быў са мною, і дзеці мае вакол мяне, калі шляхі мае абмываліся малаком і скала крынічыла мне ручаі алею! Калі я выходзіў да брамы горада і на плошчы ставіў седзішча сваё, хлопцы, убачыўшы мяне, хаваліся, а старыя ўставалі і стаялі; князі ўстрымліваліся ад прамовы і пальцы клалі на вусны свае; голас знакамітых змаўкаў, і язык у іх прыліпаў да паднябеньня іхняга. Вуха, якое чула мяне, улешчвала мяне; вока, якое бачыла, хваліла мяне, бо я ратаваў пакутніка, які енчыў, і сірату бездапаможнага. Дабраславеньне таго, хто гінуў, прыходзіла на мяне, і сэрцу ўдавы прыносіў я радасьць. Я апрануўся ў праўду, і суд мой апранаў мяне як мантыя і турбан. Я быў вачыма сьляпому і нагамі кульгаваму; бацькам быў я ўбогім і цяжбіну, якое я ня ведаў, разьбіраў уважліва. Крышыў я беззаконнаму сківіцы і з зубоў ягоных вырываў крадзенае. І казаў я: у гнязьдзе маім сканаю, і дзён маіх будзе многа, як пяску; корань мой адкрыты вадзе, і раса начуе на вецьці маім; слава мая ня старыцца, лук мой моцны ў руцэ маёй. Уважалі мне і чакалі, і маўчалі пры радзе маёй. Пасьля слоў маіх ужо не разважалі; мова мая капала на іх. Чакалі мяне, як дажджу, і, як дажджу позьняму, разьзяўлялі вусны свае. Бывала, усьміхнуся ім, - яны ня вераць; і сьвятла твару майго яны не азмрочвалі. Я назначаў шляхі ім і сядзеў на чале і жыў як цар у коле вояў, як суцешнік заплаканых.