ЁВА. 33. Дык вось, слухай, Ёў, словы мае і ўважай усім словам маім. Вось, я адкрываю вусны мае, язык мой гаворыць у гартані маёй. Словы мае ад шчырасьці майго сэрца, і вусны мае вымавяць веданьне чыстае. Дух Божы стварыў мяне, і дыханьне Ўсеўладнага дало мне жыцьцё. Калі можаш, адказвай мне і стань перад мною. Вось я, па жаданьні тваім, замест Бога. Я створаны таксама з гразі; таму страх перад мною ня можа зьбянтэжыць мяне, і рука мая ня будзе цяжкая табе. Ты гаварыў у вушы мае, і я чуў гук слоў: «чысты я, без пахібы, нявінны я і няма ўва мне няпраўды; а Ён знайшоў абвінавачаньне супроць мяне і лічыць мяне Сваім супраціўцам; закаваў ногі мае ў калодкі, сочыць за ўсімі шляхамі маімі». Вось у гэтым няпраўда твая, адказваю табе, таму што Бог вышэйшы за чалавека. Навошта табе спаборнічаць зь Ім? Ён не адказвае ні за якія дзеі Свае. Бог гаворыць адзін раз, і калі таго не заўважаць, другі раз: у сьне, у начных відзежах, калі сон находзіць на людзей, у час дрымоты на ложку. Тады ён адкрывае ў чалавека вуха і ўкладвае Сваё настаўленьне, каб адвесьці чалавека ад якой-небудзь задумы і адвесьці ад яго пыху, каб адвесьці душу ягоную ад прорвы і жыцьцё ягонае ад паразы мечам. Альбо ён наводзіцца на розум хваробаю на ложку сваім і моцным болем ва ўсіх касьцях сваіх, - і жыцьцё ягонае адварочваецца ад хлеба і душа ягоная ад смачнай яму ежы. Плоць на ім прападае, так што яе ня відаць, і паказваюцца косьці ягоныя, якіх ня было відаць. І душа ягоная набліжаецца да магілы і жыцьцё ягонае - да сьмерці. Калі ёсьць у яго анёл-настаўнік адзін з тысячы, каб паказаць чалавеку простую дарогу ягоную, - Бог умілажаліцца зь яго і скажа: вызвалі яго ад магілы; Я знайшоў умілажаленьне. Тады цела ягонае зробіцца сьвяжэйшае, чым у маладосьці; ён вернецца ў дні маладосьці сваёй. Будзе маліцца Богу, і Ён - літасьцівы да яго; з радасьцю глядзіць на твар ягоны і вяртае чалавеку праведнасьць ягоную. Ён будзе глядзець на людзей і казаць: «грашыў я і перакручваў праўду, і не адплачана мне; Ён вызваліў душу маю ад магілы, і жыцьцё маё бачыць сьвятло». Вось, усё гэта робіць Бог два-тры разы з чалавекам, каб адвесьці душу ягоную ад магілы і прасьвятліць яго сьвятлом жывых. Уважай, Ёве, слухай мяне, маўчы, і я буду гаварыць. Калі маеш сказаць што, адказвай; кажы, бо Я хацеў бы твайго апраўданьня; а калі не, дык слухай мяне, і я навучу цябе мудрасьці.