ЁВА. 35. І гаварыў далей Эліуй і сказаў: ці лічыш ты справядлівым, што сказаў: «я праўдзівейшы за Бога»? Ты сказаў: «якая карысьць мне? і які прыбытак я меў бы перад тым, як калі б я і грашыў?» Я адкажу табе і тваім сябрам з табою: зірні на неба і глядзі; падзівіся на воблакі, яны вышэй за цябе. Калі ты грэшыш, што робіш ты Яму? і калі злачынствы твае памнажаюцца, што прычыняеш ты Яму? Калі ты справядлівы, што робіш Яму? альбо што атрымлівае Ён з рукі тваёй? Бязбожнасьць твая ў чалавеку, як ты, і справядлівасьць твая ў сыне чалавечым. Ад мноства прыгнятальнікаў стогнуць прыгнечаныя і ад рукі моцных лямантуюць; але ніхто ня кажа: дзе Бог, творца мой, Які дае песьні ўначы, Які вучыць нас больш, чым жывёл зямных, і настаўляе на розум нас болей, чым птушак нябесных? Там яны лямантуюць, і Ён не адказвае ім, з прычыны гонару ліхіх людзей. Але няпраўда, што Бог ня чуе і Ўсеўладны не глядзіць на гэта. Хоць ты сказаў, што ты ня бачыш Яго, але суд прад Ім, - чакай яго. А сёньня, таму што гнеў Ягоны не наведаў яго і ён не спазнаў яго ва ўсёй строгасьці, Ёў і адкрыў лёгкадумна вусны свае і безразважна раскідае словы.