ЁВА. 36. І гаварыў далей Эліуй і сказаў: пачакай мяне крыху, і я пакажу табе, што я маю яшчэ што сказаць за Бога. Пачну мае разважаньні здалёку і аддам справядлівасьць Садзецелю майму, бо словы мае сапраўды не мана: перад табою - дасканалы ў пазнаньні. Вось, Бог магутны і не пагарджае моцнага сілаю сэрца; Ён не падтрымлівае бязбожных і аддае належнае прыгнечаным; Ён не адварочвае вачэй Сваіх ад праведнікаў, а з царамі назаўсёды садзіць іх на троне, і яны ўзвышаюцца. Калі ж яны закаваныя ў ланцугі і трымаюцца ў аковах гароты, дык Ён паказвае ім на дзеі іхнія і на беззаконьні іхнія, бо яны памножыліся, і адчыняе ім вуха дзеля настаўленьня на розум і кажа ім, каб яны адхінуліся ад бязбожнасьці. Калі паслухаюцца і будуць служыць Яму, дык правядуць дні свае ў дабрадзенстве і гады свае ў радасьці; калі ж не паслухаюцца, дык загінуць ад стралы і памруць у неразумстве. А крывадушнікі пестуюць у сэрцы гнеў і не заклікаюць Яго, калі Ён замыкае іх у ковы; таму і душа іхняя памірае ў маладосьці і жыцьцё іхняе з блуднікамі. Ён ратуе беднага ад бяды ягонай і ва ўціску адчыняе вуха яму. І цябе вывеў бы Ён зь цясноцьця на прастору, дзе няма сьціску, і тое, што пастаўляецца на стол твой, было б напоўнена тлушчам; але ты перапоўнены думкамі бязбожных: меркаваньні іх і асуда - блізкія. Хай не пакарае цябе гнеў Божы караю! Вялікі выкуп ня выратуе цябе. Ці дасьць Ён якую цану твайму багацьцю? Не, - ні золату і ніякаму скарбу. Не жадай той ночы, калі народы вынішчаюцца на месцы сваім. Сьцеражыся, ня схіляйся да бязбожнасьці, якую ты паставіў над пакутаю. Бог высокі магутнасьцю Сваёю, і хто такі, як Ён, настаўнік? Хто пакажа Яму шлях Ягоны: хто можа сказаць: Ты робіш несправядліва? Памятай пра тое, каб узвышаць дзеі Ягоныя, якія людзі бачаць. Усе людзі могуць бачыць іх, чалавек можа бачыць іх здалёк. Вось, Бог вялікі, і мы ня можам спазнаць Яго; лік гадоў Ягоных недасьледны. Ён забірае кроплі вады; яны ў мностве выліваюцца дажджом: з хмараў капаюць і выліваюцца зьлівай на людзей. Хто можа таксама спасьцігнуць прыцягненьне воблакаў, трэск намёта Ягонага? Вось, Ён распасьцірае над ім сьвятло Сваё і пакрывае дно мора. Адтуль Ён судзіць народы, дае багата ежы. Ён трымае ў далонях Сваіх маланку і загадвае ёй, каго біць. Трэск яе дае знак пра яе; жывёлы таксама адчуваюць, што адбываецца.