ЁВА. 37. І ад гэтага дрыжыць сэрца маё і зрушылася зь месца свайго. Слухайце, слухайце голас Яго і гром з вуснаў Ягоных. Пад усім небам раскаты Ягоныя, і бляск Ягоны - да краёў. За ім грыміць голас; грыміць Ён голасам велічы Сваёй і ня спыняе яго, калі голас Ягоны пачуты. Даўно грыміць Бог голасам Сваім, чыніць дзеі вялікія, нам не спасьцігальныя. Бо сьнегу Ён кажа: будзь на зямлі; гэтак сама дробны дождж і вялікі дождж у Ягонай уладзе. Ён кладзе пячатку на руку кожнаму чалавеку, каб усе людзі ведалі дзею Яго. Тады зьвер сыходзіць у сховішча і застаецца ў сваіх логавах. З поўдня прыходзіць бура, а з поўначы - сьцюжа. Ад павеву Божага паходзіць лёд, і паверхня вады сьціскаецца. Гэтак сама вільгацьцю напаўняе Ён хмары, і воблакі сеюць сьвятло Ягонае, і яны кіруюцца паводле намераў Ягоных, каб выканаць тое, што Ён загадае ім на ўлоньні населенай зямлі. Ён загадвае ім ісьці альбо дзеля пакараньня, альбо ў дабраволеньне, альбо дзеля памілаваньня. Слухай гэтага, Ёў; стой і разумей дзівосныя дзеі Божыя. Ці ведаеш, як Бог кіруе імі і загадвае сьвятлу зьзяць з воблака Свайго? Ці разумееш раўнавагу воблакаў, дзівосную дзею Найдасканалейшага ў веданьні? Як награваецца твая вопратка, калі Ён супакойвае зямлю з поўдня? Ці ж ты зь Ім распасьцёр нябёсы, цьвёрдыя, як літае люстра? Навучы нас, што сказаць Яму? Мы ў гэтай цемры нічога ня можам ведаць. Ці будзе абвешчана Яму, што я кажу? Ці сказаў хто, што сказанае даносіцца Яму? Цяпер ня бачна яркага сьвятла ў воблаках, але праляціць вецер і расчысьціць іх. Сьветлае надворэе прыходзіць з поўначы, і вакол Бога страшэнная прыгажосьць. Усеўладца! мы не дасягаем Яго. Ён вялікі сілаю і поўніцаю правасудзьдзя. Ён ні на кога не гняце. Таму хай багавеюць прад Ім людзі, і хай дрыжаць прад Ім усе мудрыя сэрцам!